Брытанскія паліцэйскія возьмуць пад кантроль цэнтр Мінска (Фота+Відэа)

Разам з нашымі міліцыянтамі яны будуць сачыць за футбольнымі фанатамі з Ліверпуля, якія прыедуць падтрымаць "Эвертан" у матчы супраць БАТЭ. Чакаецца, што з туманнага Альбіёну ў Мінск прыедзе 1500 заўзятараў. Паўтары тысячы брытанскіх фанатаў прыедзе ў чацвер у Мінск на матч Лігі Еўропы БАТЭ-Эвертан. Суправаджаць заўзятараў будуць трое англійскіх паліцэйскіх. Па словах прэс-сакратара сталічнай міліцыі Аляксандра Ластоўскага, меры бяспекі будуць на вельмі высокім узроўні — таму нейкіх сутычак быць не павінна.

Аляксандр Ластоўскі: “У нас наладжаныя кантакты з нашымі англійскімі калегамі з праваахоўных органаў. Таму нейкіх сутычак, канфліктаў быць не можа. Пагатоў, з англійскімі заўзятарамі прыбываюць тры канстэблі — афіцэры паліцыі, якія па форме будуць знаходзіцца з імі, суправаджаць іх паўсюдна. Яны будуць з імі працаваць, весці прафілактычную гутарку – як на матчы ў сектары з імі знаходзіцца, так і ў гатэлі будуць з імі”.

Забяспечваць парадак непасрэдна перад матчам у беларускай сталіцы будуць ужо традыцыйнымі металадэтэктарамі і турнікетамі. На трыбуну можна будзе прайсці толькі праз папярэдні падвойны дагляд.

Таксама плануецца задзейнічаць сістэму відэаназірання. Аднак навінкі ўсё-ткі чакаюцца. Прынамсі для замежных гасцей. Па словах Аляксандра Ластоўскага, праваахоўнікі вырашылі выкарыстаць досвед сваіх еўрапейскіх калегаў, які для Беларусі пакуль што ўнікальны:

Аляксандр Ластоўскі: “Новай адметнасцю будзе дагляд, пры неабходнасці, менавіта англійскіх заўзятараў у адмысловым намёце на факт наяўнасці ў іх якіх-небудзь забароненых прадметаў. Аднак, калі ў супрацоўнікаў міліцыі, якія будуць прапускаць англійскіх заўзятараў праз асобны ўваход, узнікне нейкае падазрэнне, што заўзятар спрабуе пранесці стадыён фаер, ён будзе ў культурнай форме – ветліва, вядома ж – праведзены ў гэты намёт, і там ужо будзе здзейснены больш дэтальны дагляд. Папросту гэтая рэч будзе канфіскаваная – і ўсё”.

Прычынай для новаўвядзення стаў непрыемны досвед з нядаўняга беларуска-ўкраінскага матчу. Тады ўкраінскія фанаты, карыстаючыся дастаткова мяккім даглядам нашых праваахоўнікаў, здолелі пранесці на стадыён добры тузін фаераў.

Дарэчы, прыкладна год таму Мінск таксама наведвалі брытанскі фанаты і канстэблі. Тады наша зборная гуляла супраць каманды Англіі ў матчы кваліфікацыйнага раўнда чэмпіянату свету-2010.

Вось, што было год таму ў Мінску.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі