Больш жорстка, чым у арміі: чаму ў школах у дзяцей забіраюць смартфоны

Смартфон у школе / Фота носіць ілюстрацыйны характар
Смартфон у школе / Фота носіць ілюстрацыйны характар

Бацькі беларускіх школьнікаў у шоку: на ўваходзе ў навучальныя ўстановы ў іх дзяцей сталі забіраць мабільныя тэлефоны. "Сёння доча прыйшла і сказала, што тэлефоны будуць забіраць і складаць у скрыначку, аддаваць пасля ўрокаў. У 11 (!) класе! — наракае Ларыса Каханоўская. — Сёння падлеткі (!), без прысутнасці бацькоў (!) падпісалі дакумент аб тым, што яны адмаўляюцца ад мабільных тэлефонаў і перадаюць класнаму кіраўніку на захоўванне падчас урокаў!"

У яшчэ адной мінскай гімназіі 11-годак прымусілі напісаць распіскі аб тым, што ім забаронена прыносіць у школу мабільныя тэлефоны. Такіх жорсткіх парадкаў няма нават у беларускай арміі! Дысцыпліна дысцыплінай, але пасля дзясяткаў спраў аб дзедаўшчыне салдатам дазволілі мець пры сабе мабільныя тэлефоны. А беларускім школьнікам нельга? Такія забароны наогул законныя?

Аказваецца, так. Пра гэта Еўрарадыё распавяла прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Беларусі Людміла Высоцкая.

Жёстче, чем в армии: почему в школах у детей забирают смартфоны

"Карыстацца мабільнымі тэлефонамі на занятках забаранялася яшчэ з сакавіка. Проста не ўсе школы гэта выконвалі", — сказала яна. 11 сакавіка 2019 года міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка выдаў загад №156 "Аб мерах, накіраваных на ўдасканаленне дзейнасці па забеспячэнні бяспечных умоў знаходжання навучэнцаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі". У адпаведнасці з пунктам 2.3 адміністрацыі школ павінны ўнесці ў правілы ўнутранага распарадку навучэнцаў палажэнне "аб абмежаванні выкарыстання імі сродкаў мабільнай сувязі падчас вучэбных заняткаў і перапынкаў паміж імі".

Забараняюць, каб школьнікі не выносілі смецце з хаты?

Беларуская сістэма адукацыі ўспомніла пра загад №156 пасля таго, як у інтэрнэт прасачылася відэа, знятае ў класе гомельскай школы №15. На ім настаўніца Людміла Чацвярткова​ з лаянкай пагражае чацвёртакласніку, які, па яе версіі, зрабіў ёй падножку. Пасля публікацыі відэа педагога звольнілі, але праз некалькі дзён аднавілі ў працы: за Чацвярткову заступіўся Аляксандр Лукашэнка.  

19 верасня, каментуючы скандал, кіраўнік дзяржавы рэзка выказаўся менавіта пра мабільныя тэлефоны. Маўляў, з-за іх у дзяцей не толькі адцягваецца ўвага ад заняткаў, але яны "перастаюць думаць", "лічыць не ўмеюць, табліцу множання не ведаюць". У той жа дзень бацькі беларускіх школьнікаў сталі паведамляць пра забароны на смартфоны ў навучальных установах.

"Загадам мы прапісалі агульную ўстаноўку, але механізмы яго выканання адміністрацыя школ павінна распісаць у сваім унутраным распарадку, — тлумачыць Людміла Высоцкая. — Варыянты могуць быць розныя. Напрыклад, тэлефоны могуць забіраць перад заняткамі і класці ў адмыслова створаныя для гэтага скрыні, а потым аддаваць. Гэта законна".

Жёстче, чем в армии: почему в школах у детей забирают смартфоны
5psy.ru

У адной школе вырашаць, што дастаткова будзе проста пагаварыць з навучэнцамі і папрасіць іх не карыстацца тэлефонамі. У іншай прыдумаюць яшчэ які-небудзь варыянт, у трэцяй паставяць скрыню. Ні Мінадукацыі, ні ўпраўленні адукацыі ўмешвацца ў гэты працэс не будуць. Ёсць загад, а настаўнікі павінны зрабіць так, каб у школьнікаў не адцягваляся ўвага ад вучобы. Але адбіраць тэлефоны гвалтоўна настаўнікі не маюць права, кажуць у міністэрстве. Праўда, у загадзе гэта не прапісана.

А калі вучань заявіць, што падчас захоўвання яго смартфон быў зламаны?

Настаўнік, які збіраў тэлефоны, ніяк не зможа даказаць, што гэта зрабіў не ён. Але і вучань не зможа даказаць адваротнае. Як быць?

"Каб пазбегнуць непаразуменняў, у школах павінны быць прапісаны і выкананы аптымальныя меры захоўвання або бяспекі, — кажа Людміла Высоцкая. — Іх трэба зрабіць зручнымі для ўсіх. Напрыклад, рэкамендуецца не перадаваць тэлефоны ў чужыя рукі (школьнікі самі падыходзяць і кладуць тэлефоны ў скрыню, а потым самі ж іх забіраюць); пакідаць тэлефоны ў сейфах; аддаваць тэлефоны пад подпіс. Выпадкі, вядома, могуць быць розныя. Школа павінна прапісаць сама, хто за што будзе адказваць. Але не Міністэрства адукацыі".

Што тычыцца бацькоў, якія супраць таго, каб у дзяцей адбіралі тэлефоны, то, па словах прэс-сакратара, у кожным правіле магчымыя выключэнні. Сітуацыі трэба прагаворваць індывідуальна.

А як у іншых краінах? Таксама здаюць тэлефоны?

У Нямеччыне тэлефонамі нельга карыстацца школьнікам пачатковых класаў. У старэйшых класах можна — але толькі на перапынках.

Падобныя парадкі ў англійскіх школах. Навучэнцам можна мець пры сабе смартфоны, але імі забаронена карыстацца падчас урокаў.

Жёстче, чем в армии: почему в школах у детей забирают смартфоны
sistema.pp.ru

У постсавецкіх краінах сітуацыя можа адрознівацца ад школы да школы. У Азербайджане, напрыклад, няма жорсткіх правілаў наконт мабільных тэлефонаў. Вырашае гэтае пытанне, як правіла, настаўнік. У некаторых школах —поўная свабода.

Ва Украіне адзіных правілаў таксама няма — усё залежыць ад дырэктара школы, а часам — ад настаўніка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі