Вы тут

Больш за 70 цяжарных беларусак прайшлі вакцынацыю ад COVID-19

Для імунізацыі будучых маці ў Беларусі рэкамендаваная кітайская вакцына / iStock

У Беларусі вакцынацыю ад каранавіруса прайшлі ўжо 71 цяжарная і 6 маці, якія кормяць, паведамляе Міністэрства аховы здароўя са спасылкай на першую намесніцу міністра аховы здароўя Алену Богдан

"Гэтыя жанчыны пачулі нашы асцярогі, яны хочуць захаваць жыццё, таму што іх жыццё, як нічыё іншае, патрэбнае іх будучых дзецям", — сказала Богдан. 

У Міністэрстве пачалі падлік працэнта вакцынаваных цяжарных з 20 кастрычніка. Пры гэтым тэмпы вакцынацыі ў цэлым па краіне растуць. Са слоў прадстаўніка Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі ўжо ёсць рэгіёны, якія набліжаюцца да 35 працэнтаў прышчэпленага насельніцтва, уключаючы дзяцей.

Як паведамляла Еўрарадыё, першая цяжарная беларуска прайшла вакцынацыю ад каранавіруса ў 21-й раённай паліклініцы Мінска. Маладую жанчыну прышчапілі кітайскай вакцынай Vero Cell карпарацыі Sinopharm. Менавіта гэтая вакцына рэкамендаваная для імунізацыі будучых маці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.