Вы тут

Больш за 5 мільёнаў чалавек у свеце памерлі ад COVID-19

Беларускія медыкі ў палаце хворага COVID-19​ / t.me/minzdravbelarus

Агульная колькасць памерлых з-за каранавіруса ў свеце перавысіла 5 мільёнаў чалавек, падлічыла агенцтва ТАСС, зыходзячы з афіцыйных заяў улад, а таксама высноў экспертаў і журналістаў.

У цяперашні час у свеце зарэгістравана 5 002 643 смяротных выпадкаў з-за COVID-19, што супастаўна з насельніцтвам Рыма і Парыжа разам узятых. Усяго з пачатку пандэміі каранавірус выяўлены больш як у 245 мільёнаў чалавек.

Аб першай смерці стала вядома 11 студзеня 2020 года. Мільён смяротных зыходаў быў зарэгістраваны 28 верасня, два — менш чым праз 4 месяцы, 15 студзеня 2021 года. Адзнака ў 3 мільёны была пераадолена яшчэ праз 3 месяцы, 4 мільёны памерлых былі зарэгістраваны 6 ліпеня.

Лятальнасць новай інфекцыі складае 2,03 працэнта, пры гэтым паказчык не ўзнімаецца вышэй за 3 працэнты ўжо амаль год.

Больш за ўсё смерцяў зарэгістравана ў ЗША — звыш 740 тысяч, гэта прыкладна 1,6% ад усіх тых, хто заразіўся ў краіне. На другім месцы знаходзіцца Бразілія (больш за 606 тысяч смерцяў з 21,8 мільёна тых, хто заразіўся), на трэцім — Індыя, дзе з 34,2 мільёнаў хворых памерлі 456 тысяч.

З улікам колькасці насельніцтва смяротнасць вышэй за ўсё ў Перу, дзе на кожныя 100 тысяч жыхароў прыпадае 655 памерлых, а таксама ў еўрапейскіх краінах — Босніі і Герцагавіне (352), Балгарыі (343) і Паўночнай Македоніі (340).

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя Беларусі на 28 кастрычніка, за ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі памерлі 4580 беларусаў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.