Блогер з інваліднасцю "тэстуе" аэрапорт "Мінск" і аквапарк "Лябяжы"

"InvaLife" – гэта адзіны ў Беларусі відэаблог, які вядзе чалавек з інваліднасцю. У блогу лідчанін Аляксандр Аўдзевіч распавядае пра прыстасаванні для інвалідаў-вазочнікаў: пад'ёмнікі для лесвіц, ваннаў і басейнаў, комплексы фізічных практыкаванняў для людзей з інваліднасцю, робіць агляды трэнажораў, даследуе даступнасць публічных месцаў для вазочнікаў, напрыклад, аэрапорт "Мінск" ці аквапарк "Лябяжы".

Пасля няшчаснага выпадку Аляксандру прыйшлося выбудоўваць сваё жыццё нанова. Досвед рэабілітацыі і перашкоды, з якімі сутыкаецца малады чалавек у быце кожны дзень, натхнілі яго на стварэнне відэаблога, у якім ён дзеліцца парадамі з людзьмі, якія апынуліся ў інвалідным вазку. 

"Гэта тэма не цікавая ўсім людзям, яна цікавая толькі тым людзям, якія знаходзяцца ў падобнай сітуацыі, – распавядае Аляксандр. – Першапачаткова здымаў тое, што мне падабаецца, а потым блог выліўся ў раздзелы пра рэабілітацыю, гарадское жыццё і іншае".

Два гады таму Аляксандр зарэгістраваў і ўзначаліў у Лідзе раённае аддзяленне "Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў". Дзякуючы намаганням згуртаваных Сашам дзяцей, у Лідзе пачалі паляпшацца ўмовы для жыцця інвалідаў-вазочнікаў: у лютым гэтага года адна з лідскіх аўташкол пачала навучаць кіраванню людзей з інваліднасцю, у лідскім спартыўна-аздараўленчым комплексе "Алімпія" з'явіліся пад'ёмнікі ў басейне, стаў даступны шэраг забаўляльных устаноў і дом культуры. Саша стварыў сайт арганізацыі, у якім ён збірае інфармацыю пра магчымасці і актыўнасць для людзей з інваліднасцю ў Лідзе і Беларусі.

Больш падрабязна пра тое, як вучацца танцаваць людзі з інваліднасцю, расказваецца ў сюжэце, падрыхтаваным у медыямайстэрні "Эгалітэ"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі