Вы тут

Без стэндаў ЗША, але з кнігай Мукавозчыка: расказваем пра XXVIII кніжную выставу

На мінулай выставе прадстаўнікоў ад заходніх краін было куды больш / Минск-Новости

З 18 да 21 лютага ў мінскім выставачным цэнтры "Белэкспа" пройдзе XXVIII Міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Па словах арганізатараў, цэнтрам увагі стануць выданні краін-удзельніц СНД. Характэрна, што прадстаўнікі ЗША, Францыі, Польшчы, Венгрыі, Паўднёвай Карэі, Румыніі, заўважаныя летась, сёлета выставу не наведаюць. Заходняе кнігавыдавецтва будзе прадстаўлена толькі Германіяй і Аўстрыяй, затое сваю сучасную літаратуру прадставяць Іран, Пакістан, Сірыя і Кітай.

"2021 год абяцае не быць выключэннем: прыхільнікаў кніг і чытання чакаюць новыя імёны, новыя фарматы, новыя праекты", — заяўляюць арганізатары выставы. І сапраўды, гэтым разам там будуць прадстаўлены творы работнікаў дзяржСМІ, якія абазначыліся на беларускім медыйным гарызонце з рэзкай крытыкай пратэставых акцый у Беларусі. Гэта кнігі "Рэвалюцыя мокрых штаноў" Андрэя Мукавозчыка і "Хлусня ўцёклых" супрацоўніка АНТ Ігара Тура. Еўрарадыё пацікавілася ў Андрэя Мукавозчыка, пра што ягоная кніга.

— Выстава адкрываецца, там ёсць стэнд, там будзе кніга. Хутчэй за ўсё, у адзін з дзён выставы я буду там прысутнічаць і змагу гэта расказаць не толькі вам, але і ўсім, каму цікава, — адказаў калумніст.

Калумніст Андрэй Мукавозчык / CTV.by

Мы спыталі ў аўтара "Рэвалюцыі мокрых штаноў", ці зможам узяць інтэрв'ю пра новую кнігу і пагутарыць. Андрэй Мікалаевіч да гэтага паставіўся з неахвотай:

— Наконт інтэрв'ю я моцна сумняваюся. Рэч у тым, што ў мяне ёсць вялікія сумневы наконт таго рэсурсу, на якім вы працуеце. Калі б гэта было інтэрв'ю без купюр, тады ўсё магчыма. Але без купюр вы мне гэтага абяцаць не можаце. А нарваць з мяне цытат — мне гэта не трэба.

Пра назву кнігі пісьменнік усё ж крыху расказаў:

— Я арыентаваўся на Талстога, "Вайна і мір". Назва кнігі інтрыгоўная і, як вы кажаце, правакацыйная.

Кніга Ігара Тура "Хлусня ўцёклых" / фэйсбук

На выставе адбудзецца прэзентацыя шырокага спектра кніг ад беларускіх дзяржаўных выдавецтваў. Ад прадстаўнікоў недзяржаўных выдавецтваў, такіх як ARCHE і "Галіяфы", будзе ўсяго некалькі стэндаў. Прыватныя беларускія выдавецтвы "Кнігазбор" і "Янушкевіч" на выставе не з'явяцца праз праверкі, якія праводзяцца ў дачыненні да іх Дэпартаментам фінансавых расследаванняў.

Галоўны рэдактар ARCHE Валер Булгакаў расказвае, што думкі пра тое, каб не выстаўляцца гэтым разам у знак салідарнасці з калегамі, якія трапілі пад прэсінг, былі. Але асвета грамадскасці ўсё-ткі важнейшая.

— У свой час мы таксама знаходзіліся пад прэсінгам, праходзілі праз усё тое, праз што цяпер праходзяць нашы калегі: гэта і праверкі з боку ДФР, і арышт рахункаў, — расказвае Валер. — І калі б была нейкая публічная ініцыятыва, нейкая петыцыя [пра адмову прысутнічаць на выставе ў знак салідарнасці з калегамі. — Еўрарадыё], але гэтага не было. Мы не мелі ніякіх абавязацельстваў, якія былі б агучаны ў публічнай прасторы. І самае галоўнае, што наша прысутнасць — гэта не сведчанне нейкай нашай надзвычайнай лаяльнасці. Гэта проста рэдкая магчымасці трапіць да масавага чытача. І гэту магчымасць трэба выкарыстоўваць, інакш тыя выданні, якія мы прадстаўляем, застануцца ў прыцэле ўвагі вузкага кола чытачоў.

Наконт з'яўлення на выставе кніг Мукавозчыка і Тура Валер Булгакаў адгукаецца так:

— Гэта сведчанне духоўнай атмасферы, у якой мы жывём. Гэта ідэалагізаваныя і палітызаваныя праекты, гэта даніна палітычным рэаліям, якія склаліся ў нашай краіне.

Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца 18 лютага ў 12:00.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.