Без нашых грошай эканоміка Беларусі рухне

Эканамічны крызіс, у які патрапіла Беларусь на пачатку 2007 года, — яшчэ кветачкі ў параўнанні з тым, што нас чакае, сцвярджаюць эканамісты. У канцы мінулага — пачатку гэтага года Беларусь была зусім блізка да дэфолту. Такое прызнанне днямі зрабіў прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Аднак кіраўнік дзяржавы супакоіў суайчыннікаў, маўляў, крызіс пераадолены. Крызіс не пераадолены — у адзін голас заяўляюць эканамісты. Больш за тое, яго яшчэ не было. Цяжкія часы нас толькі чакаюць. На нашу эканоміку ў асноўным уплываюць уклады насельніцтва, золатавалютны запас, планавасць эканомікі, праца прадпрыемстваў, знешняе сальда. Еўрапейскае радыё вырашыла даведацца, як у Беларусі ідуць справы з двума з гэтых паказчыкаў.

У канцы 2006-га — пачатку 2007-га года беларусы сталі забіраць свае ўклады з банкаў. Аднак па інфармацыі Нацбанку, за студзень-травень гэтага года дэпазіты беларусаў павялічыліся на 11,3% ў параўнанні з мінулым годам — гэта крыху больш за 881 мільярд рублёў.

Па словах эканаміста Яраслава Раманчука, на сёння ў банках знаходзіцца 4 мільярды долараў, укладзеных насельніцтвам. А што адбудзецца, калі людзі зноў пачнуць забіраць свае дэпазіты? Адказвае Яраслаў Раманчук:

“Гэта крытычная лічба. Без гэтых грошай нашая сістэма не зможа функцыянаваць так, як яна функцыянавала апошнія тры гады. Тым больш, што расійскія газавыя датацыі заканчваюцца. І мы не бачым ніякіх магчымасцяў павялічыць канкурэнтаздольнасць нашых тавараў ані на заходнім, ані на расійскім рынку.

Наш урад павінен будзе павялічыць тарыф на камунальныя паслугі на восень. Плануецца ўвесці падатак на нерухомасць для людзей, якія жывуць у шматпавярховых дамах”…

Прэзідэнта нашай краіны таксама турбуе пытанне імпарту і экспарту. Днямі ён сказаў, што мы гатовыя да адмены прэферэнцыяў Еўрасаюза. Маўляў, ёсць у нас, акрамя Еўропы, куды вазіць свае тавары. І зноў жа палохае нас дэфолтам: “Калі мы будзем прадаваць менш тавараў, чым увозіць у краіну, то рана ці позна ў нас будзе абвал. А гэта страшная з’ява”.

А цяпер так і ёсць. Краіна увозіць на 1 мільярд долараў больш тавараў, чым прадае. Да якога мінуса павінна вырасці гэтая лічба, каб адбыўся той самы абвал, пра які сказаў Лукашэнка? Сваю думку выказвае эканаміст Леанід Злотнікаў:

“Ну, больш за 2 мільярды не павінна быць. Гэтае сальда выклікана, па-першае, тым, што павялічыліся цэны на расійскія энерганосьбіты. А таксама тым, што насельніцтва купляе імпартныя тавары, таму што долар вельмі слабы і зараз спрыяльныя ўмовы для пакупкі замежных тавараў. Калі 2-3 гады запар пратрымаецца такое вялікае сальда, то гэта будзе драматычна”.

Аднак тое, што мы былі на мяжы дэфолту і пераадолелі яго, — усяго толькі казкі, лічыць Яраслаў Раманчук:

“Я думаю, што гэта перабольшванне, каб проста дадаць сабе іміджу, пазітыўных думак, што наш урад зрабіў правільна, змог справіцца з крызісам. На мой погляд, гэтага крызісу не было. Безумоўна, быў адплыў валюты. Але тое, што было, яшчэ далёка ад крызісу. Я лічу, што праблемы яшчэ толькі пачынаюцца ў нас”.

Набываючы сабе пазітыўны вобраз, улады зарабілі і праблему. Цяжка будзе ўтрымаць гэты імідж, калі пачнуцца сапраўдныя праблемы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі