Без каранціну: па пацверджаных COVID-19 Беларусь абагнала Украіну і Чэхію

Праверка тэмпературы перад футбольным матчам у Беларусі / euroradio.fm
Праверка тэмпературы перад футбольным матчам у Беларусі / euroradio.fm

На 23 красавіка ў Беларусі быў пацверджаны 8022 выпадак COVID-19. За суткі дадалося 741 выпадкаў — гэта рэкорд з 27 лютага, калі ў нашай краіне быў выяўлены першы выпадак хваробы.

Беларусь змагаецца з каранавірусам сваім, асаблівым спосабам. Аляксандр Лукашэнка сур'ёзнасці пагрозы не прызнае: рэгулярна жартуе пра тое, што вірус трэба лячыць гарэлкай і трактарам, а ў лядовых палацах яго няма — "вось ты ж не заўважыла, што яны лятаюць". У Беларусі не ўведзены каранцін — у адрозненне ад большасці еўрапейскіх краін. Можна доўга спрачацца, правільна гэта ці не, але звернемся да лічбаў: па колькасці выяўленых выпадкаў COVID-19 Беларусь абагнала Украіну (каранцін уведзены) і Чэхію (каранцін уведзены). З суседніх краін наша па-ранейшаму абганяе Літву і Латвію.

Магчыма, рэч у колькасці тэстаў?

Ва Украіне з насельніцтвам амаль 42 мільёны чалавек на 23 красавіка выяўлена 7 170 выпадкі COVID-19 — амаль на 900 менш, чым у нас. Але смерцяў там у тры разы больш — 187 супраць 60 у Беларусі.

Аднак Украіна займае апошняе месца ў Еўропе па колькасці зробленых тэстаў на каранавірус. На адзін мільён насельніцтва ва Украіне зроблена 1712 тэстаў. А ўсяго з пачатку года праведзена 72 296 тэстаў.

У Беларусі з насельніцтвам 9,4 млн зроблена 122 543 тэстаў — гэта 13 036 тэстаў на 1 млн чалавек. Больш тэстаў — больш выяўленых выпадкаў хваробы.

Аднак Чэхія, насельніцтва якой супастаўнае з беларускім (10,6 млн), — зрабіла ў паўтара раза больш тэстаў, чым Беларусь: 195 725, або 18 464 на 1 млн чалавек. На гэты момант у краіне пацверджаны 7 136  выпадак COVID-19 — на 886 менш, чым у Беларусі.

Чэхія неяк па-іншаму змагаецца з COVID-19?

Першы выпадак COVID-19 быў зафіксаваны ў Чэхіі 1 сакавіка — на тры дні пазней, чым у Беларусі. 12 сакавіка ўрад Чэхіі ўвёў надзвычайнае становішча і абвясціў каранцін на ўсёй тэрыторыі рэспублікі. На той момант у краіне было выяўлена 96 заражаных каранавіруснай інфекцыяй (у Беларусі — 21).

Інакш кажучы, хвароба ў Беларусі распаўсюджвалася павольней, і ў нашых уладаў было нашмат больш часу, каб рэагаваць. 27 сакавіка колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі дасягнула 94 — гэта амаль як у той дзень, калі ў Чэхіі ўвялі каранцін. У той дзень Аляксандр Лукашэнка назваў каранавірус псіхозам, пацвердзіў свой намер праводзіць парад на 9 Траўня і заявіў, што сітуацыя спецыяльна нагнятаецца, каб апазіцыя змагла выкарыстаць яе супраць улады. Каранцін у той дзень у Беларусі ўведзены не быў — і не ўведзены дагэтуль.

У панядзелак, 20 красавіка, у Чэхіі каранцінныя меры былі паслабленыя. У краіне адкрыліся фермерскія рынкі, рамесныя майстэрні, аўтасалоны і салоны па доглядзе сабак. Урад прыняў рашэнне зняць абмежаванні пасля таго, як на мінулым тыдні ўспышка каранавіруса стабілізавалася.

А што ва Украіне

Украіна, як і Чэхія, увяла агульнанацыянальны каранцін 12 сакавіка. У краіне тады было пацверджана толькі тры выпадкі каранавіруснай інфекцыі. Закрыліся адукацыйныя ўстановы, былі забаронены масавыя мерапрыемствы, уведзена забарона на работу кавярняў, рэстаранаў, спартыўных залаў, спынілася метро.

Праз рост захворвання абмежавальныя меры былі зроблены больш жорсткімі. З 6 красавіка ў краіне быў абвешчаны абавязковы масачны рэжым у грамадскіх месцах. Кабмін падоўжыў каранцін спачатку да 24 красавіка, а потым і да 11 траўня.

Ужо сёння ва Украіне менш пацверджаных выпадкаў COVID-19, чым у Беларусі. Але памятаем пра нюанс з колькасцю тэстаў.

Такі розны каранцін

Наогул нельга сказаць, што ў Беларусі не робіцца зусім ніякіх абмежавальных захадаў. На ўзроўні краіны каранцін не ўводзіцца, але буйныя гарады і нават некаторыя раёны клапоцяцца пра сябе самі. Можаце называць гэта "мяккім каранцінам" або "каранцінам, якога няма", але абмежаванні дзейнічаюць ужо ў абласных гарадах і як мінімум у 36 раёнах Беларусі.

Праўда, слова "каранцін" не згадваецца ні ў адным дакуменце.

Літва і Латвія

У Літве з насельніцтвам 2,7 млн чалавек праведзена 83 591 тэстаў (30 959  на 1 млн жыхароў) і выяўлена 1398 выпадкаў COVID-19. Каранцін там абвешчаны 16 сакавіка. На той момант у краіне было 17 заражаных (у Беларусі — 36). Каранцін дзейнічае да 27 красавіка, але ўжо пачалося змякчэнне: запрацавалі крамы нехарчовых тавараў, уваход у якія вядзе не праз гандлёвыя цэнтры.

У Латвіі 1,9 млн жыхароў і 778 выпадак COVID-19 пры 41 041 зробленых тэстах (21 600 на 1 млн чалавек). 12 сакавіка, калі ў краіне налічвалася 16 выпадкаў COVID-19, было абвешчана надзвычайнае становішча, закрыты школы і ВНУ.

Далей абмежаванні ўводзіліся паэтапна. З 14 сакавіка забаронены ўсе публічныя мерапрыемствы, а неарганізаваныя мерапрыемствы абмежаваныя 50 наведвальнікамі і 23:00. 20 сакавіка Сейм Латвіі падтрымаў закрыццё гульнявых залаў і прыпыненне азартных гульняў у інтэрактыўным асяроддзі. З 20 сакавіка ва ўсіх месцах гандлю людзі павінны абавязкова выконваць дыстанцыю два метры. З 30 сакавіка забаронены ўсе рэлігійныя мерапрыемствы, якія патрабуюць прысутнасці людзей, а таксама ўсе прыватныя мерапрыемствы, акрамя пахаванняў на адкрытым паветры. З 31 сакавіка ў месцах грамадскага харчавання неабходна забяспечваць дыстанцыю два метры паміж столікамі.

7 красавіка было абвешчана пра падаўжэнне надзвычайнага становішча на 4 тыдні ў сувязі з ростам колькасці хворых.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі