Беспрацоўе ў Беларусі можа дасягнуць гістарычных максімумаў

Сёлета беспрацоўе ў Беларусі можа дасягнуць гістарычных максімумаў. Такое меркаванне выказаў у працы "Выклік росту беспрацоўя ў Беларусі: час назваць рэчы сваімі імёнамі" дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык. Ён аналізуе фактары, якія ўплываюць на рынак працы, яго перспектывы, піша пра магчымыя меры па стабілізацыі сітуацыі.

Як адзначае "Ежедневник", Чубрык звяртае ўвагу на тое, што на фоне спаду ў эканоміцы адбываецца скарачэнне занятасці ў нашай краіне. Эканамічны крызіс у Расіі прывёў да таго, што попыт на працоўную сілу скарачаецца, розніца паміж узроўнем заробкаў у Беларусі і Расіі істотна зменшылася, а значыць усё менш беларусаў будуць там працаваць. Даследчык мяркуе, што ў выніку рызыкі страты працы ў Беларусі растуць, а магчымасці яе знайсці — скарачаюцца.

Аляксандр Чубрык прагназуе, што ўпершыню за апошнія 15-17 гадоў наша краіна можа сутыкнуцца з ростам беспрацоўя вышэйшым за "натуральны" для яе эканамічнай мадэлі ўзроўня ў 5-6%. Таму ўлады мусяць адэкватна адрэагаваць і прыняць адпаведныя захады, адзначае эканаміст.

Эканаміст Яраслаў Раманчук заўважае ў размове з Еўрарадыё, што 2015-ы стане першым годам у навейшай гісторыі Беларусі, калі ўзровень беспрацоўя будзе не 1%, а мінімум 10%. Нагадаем, на некаторых беларускіх прадпрыемствах ужо 2 месяцы ідуць так званыя вытворчыя вакацыі, калі праца спыняецца на некалькі дзён ці тыдняў.

“Гэта кажа пра тое, што штучная дзяржпадтрымка прадпрыемстваў не працуе і не дае тых вынікаў, на якія разлічвае ўрад. Знешнія рынкі для многіх беларускіх прадпрыемстваў лопнулі надоўга і хуткага аднаўлення іх не будзе. І зразумела, гэта сігнал, што беларускай эканоміцы патрэбныя структурныя рэформы, пра якія мы даўно гаворым. Калі падае імпарт, гэта сведчыць пра тое, што прадпрыемствы не могуць вырабляць тавары ў ранейшых аб’ёмах. Адсюль патрэбна кіраванне па-новаму. І першае, што прыходзіць на розум кіраўніцтву прадпрыемстваў і ўраду — гэта звальненне працоўнай сілы мінімум на 15%”, — мяркуе Раманчук.

Нагадаем, за першыя два месяцы 2015 года валютная выручка Беларусі склала 4,85 млрд. долараў. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года яна знізілася на чвэрць. Увогуле ж аб'ём валютнай выручкі сёлета скараціўся да мінімальнага ўзроўню з 2011 года.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі