“Белтрансгаз”: “У нас 2 акцыянеры – дзяржава і “Газпром”

Перамовы пра цану на газ на наступны год пачаліся з “качкі”. Інфармацыя пра тое, што частку акцыяў “Белтрансгазу” утрымліваюць прыватныя асобы, не пацвердзілася. Але сам факт з’яўлення яе ў СМІ можа сведчыць пра тое, што беларускі бок не збіраецца выконваць абавязкі, якія ўзяў на сябе год таму, — так лічаць эксперты.
На мінулым тыдні ў СМІ з’явілася інфармацыя пра магчымыя праблемы падзелу акцыяў “Белтрансгазу” паміж беларускім бокам і “Газпромам”. Намеснік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур нібыта агучыў наступнае: «Поделить акции «Белтрансгаза» 50 на 50 вряд ли удастся, потому что еще есть небольшая часть индивидуальных владельцев, а они исчезли, их нет». Такую цытату Тура распаўсюдзілі шматлікія інфармацыйныя сайты.

Сам намеснік міністра эканомікі адмаўляе тое, што рабіў такія заявы. У размове з Еўрарадыё Тур сказаў:

“Гэтую інфармацыю я не агучваў, напісалі зусім няправільна. Я такога не казаў, гэтая частка нават не адносіцца да маёй кампетэнцыі. Напісалі тое, што хацелі, а не тое, што я казаў”.

Нагадаем, што 18 траўня “Газпром” і Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь падпісалі дамову куплі-продажу акцый “Белтрансгаз”. Згодна з дамовай, “Газпром” набывае 50% акцый “Белтрансгаз” за 2, 5 мільярды долараў ЗША. Аплата акцый будзе праходзіць у чатыры этапы на працягу 2007-2010 гг. На кожным этапе “Газпром” будзе набываць 12,5% акцый “Белтрансгаз”.

Іншымі словамі, бакі дасягнулі дамоўленасці наконт стварэння сумеснага прадпрыемства на парытэтнай аснове, якую немагчыма выканаць пры наяўнасці трэцяга ўласніка. А тут раптам з’яўляюцца мінарытарныя акцыянеры, якія могуць перашкодзіць падзелу акцыяў 50 на 50. Зразумела, што такія чуткі павінны занепакоіць расійскі бок.

У прэс-службе “Белтрансгазу” пацвердзілі тое, што распаўсюджаная інфармацыя – няпраўда: “У нас 2 акцыянеры – дзяржава і “Газпром”. Усё”.

Памочнік старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь Валеры Крамар таксама зазначыў, што прыватныя асобы вярнулі усе акцыі дзяржаве:

“Няма там прыватных асобаў. Кантракт ужо падпісаны. На перыяд акцыянавання, згодна з заканадаўствам, члены працоўнага калектыву мелі права купіць і абмяняць акцыі на чэкі “Маёмасць”. Такое было, але потым яны добраахвотна вярнулі іх дзяржаве”.

Нягледзячы на тое, што інфармацыя пра прыватных асобаў акцыянераў не пацвердзілася, эканамісты і журналісты пачалі абмяркоўваць, што магла б азначаць такая “заява”. У асноўным, эканамісты сыходзяцца на тым, што гэта такі своеасаблівы пачатак перамоваў наконт пастаўкі газу ў Беларусь на 2008 год.

Яраслаў Раманчук: “На самой справе няма у акцыянерным капітале “Белтрансгазу” прыватных асобаў, прынамсі так нам падаюць афіцыйныя звесткі. Але калі Тур робіць такія заявы, гэта сведчыць пра тое, што беларускі бок не надта збіраецца выконваць тыя абавязкі, якія ён узяў на сябе яшчэ год таму. І гэта такі ціск на “Газпром”, каб той не павышаў цану на газ.

Па сутнасці, мы бачым пачатак перамоваў па варунках пастаўкі газу ў Беларусь на 2008 год. Ідзе такая слоўная гульня, гульня нерваў і вайна пазіцый”.

Эканаміст Аляксандр Чубрык таксама кажа, што, магчыма, гэта першы крок, які сведчыць аб тым, што Беларусь пачынае набіваць сабе цану ў перамовах пра кошты на газ на наступны год. Пры гэтым эканаміст зазначыў, што цалкам магчыма і тое, што “нейкі маленечкі пакет акцыяў у прыватных асобаў ёсць”:

“Магчыма, гэта сігнал, што мы не аддадзім “Белтрансгаз”… Але я думаю, што справа ў тым, што гэта першая ластаўка, што пачынаюцца перамовы на наступны год пра цану на газ”.

Цяпер застаецца чакаць рэакцыі “Газпрому”. Чым адкажа расійскі бок на “пагрозы” беларускага?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі