“Белавіі” стала задорага лятаць у Сімферопаль

У чыгуначных касах Беларусі скончыліся квіткі ў Крым. Летась у Сімферопаль магчыма было даляцець на самалёце. Але ў гэтым годзе «Белавіа» адмяніла рэйс. Такім чынам, цяпер трапіць у Крым магчыма толькі на аўтобусе. Альбо, калі дазваляюць сродкі, замовіць чартэр.
Купіць чыгуначны квіток да Сімферопаля ці, напрыклад, Адэсы на бліжэйшыя два тыдні амаль нерэальна. Калі пытаешся ў касах пра квіткі на пачатак жніўня, ў адказ чуеш — месцаў няма.

Чыгуначныя касы: "На 3 жніўня месцаў няма, 4 — месцаў няма, 5 — месцаў няма, 6 — месцаў няма, 7 — адно купэйнае, 8 — месцаў няма, 9 — месцаў няма, на 10 жніўня тры купэйныя месцы".

Еўрарадыё паспрабавала даведацца ў тых, хто толькі што вярнуўся з сонечнай паўвыспы, як яны куплялі квіткі. Выпускніца БДУ Вольга Князева, распавяла Еўрарадыё, што квіткі трэба замаўляць мінімум за тры тыдні да падарожжа. Гэта значыць, што тым, хто яшчэ жадае адпачыць у Крыме гэтым летам, трэба паспяшацца. Прычым пра зваротную дарогу трэба паклапаціцца таксама загадзя. Таму што ахвотнікаў з’ехаць з Украіны таксама шмат.

Вольга Князева: "Квіткі ў Крым куплялі, канешне, загадзя. Тэлефанавалі ў даведку, замаўлялі. Гэта калі з Мінска з’язджалі. А зваротныя квіткі вырашылі браць у Крыме. Але з гэтым была праблема, таму што чэргі гіганцкія, квіткі былі толькі купэйныя і ў розных купэ. Вельмі цяжка браць квіткі ў Крым. Трэба дзесьці за тры тыдні пачынаць гэтым займацца".

У беларускіх авіякасах сітуацыя адваротная. Яшчэ ў мінулым годзе попыт на квіткі да Сімферопаля быў нізкім. Таму сёлета рэйс увогуле адмянілі. “Аэрапорт “Сімферопаль” стаў адным з самых дарагіх у СНД. Танней злятаць у Турцыю ці Егіпет, чым у Сімферопаль”, - патлумачыў Еўрарадыё Ігар Чаргінец, намеснік гендырэктара “Белавія”:

“Летась не было загрузкі гэтага рэйсу. І, у прынцыпе, мы прагназавалі такую ж сітуацыю і сёлета. Таму што у аэрапорце Сімферопаля цэны на абслугоўванне рэйсаў узраслі больш чым на 30%, тое ж самае і з палівам...”

Паводле слоў Ігара Чаргінца, пакідаць рэйс няма ніякага эканамічнага сэнсу. Цяпер жа ляцець у Крым можна толькі з перасадкамі — ці то праз Кіеў, ці то праз Маскву. Ёсць яшчэ адзін варыянт – замовіць чартэрны рэйс, кажа намеснік гендырэктара “Белавія”:

“Самалёты ёсць. Ляцець можна. Чартары калі хто набывае, то мы, у прынцыпе, выконваем”.

Калі на чартэр грошай няма, то апошнім варыянтам дабрацца да бліжэйшых паўднёвых курортах застаецца аўтобус. Можа, гэта і не вельмі зручна, але квіткі ёсць заўсёды. Аўтобус адпраўляецца кожны цотны дзень з Маскоўскага аўтавакзала.

Касы аўтавакзала: "Аўтобусы ходзяць па цотных днях, адпраўленне ў 20:30. Ёсць шмат вольных месцаў на 2 жніўня, на 4, 6, 8 і далей. Кошт білета да Сімферопаля 124 тысячы".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі