Вы тут

Беларусы ўсё часцей аддаюць перавагу імпартным таварам

Доля беларускай прадукцыі зменшылася ў продажах як нехарчовых, так і харчовых тавараў / Еўрарадыё​

Доля беларускіх тавараў у рознічных продажах па выніках 2021 года склала 59,2%. І гэта мінімум за апошнія 8 гадоў, адзначае рэсурс banki24.by

У 2013 годзе ўдзельная вага беларускай прадукцыі сярод прададзеных у розніцу тавараў дасягала 71%. На працягу ўсіх гэтых гадоў гэты паказчык няўхільна зніжаўся. Падзенне за ўсе гады склала амаль 12% — 11,8%. І ўвесь гэты час, нагадаем, беларускія ўлады шмат і часта казалі пра тое, што вядуць працу па імпартазамяшчэнні.

Прычым доля беларускай прадукцыі зменшылася ў продажах як нехарчовых, так і харчовых тавараў. Удзельная вага беларускіх прадуктаў харчавання ў продажах рытэйла ўпала за гэтыя восем гадоў на 6,6% — з 83,2% да 76,6%. Падзенне ў групе нехарчовых тавараў атрымалася большым — з 55,1% да 40,6%.

Беларусы нячаста выбіраюць легкавыя аўтамабілі айчыннай вытворчасці (21,4%). Але яшчэ радзей — беларускія тэлевізары (12,3%), а таксама пральныя машыны і машыны для сушкі бялізны (15%).

Аўтары рэсурсу дапускаюць, што сёлета сітуацыя з продажамі беларускіх прадуктаў харчавання можа крыху палепшыцца — з прычыны прадуктовага "эмбарга". Нагадаем, з 1 студзеня 2022-га шэраг прадуктаў з ЕС, ЗША і іншых краін, якія падтрымалі санкцыі супраць Беларусі, забаронены да ўвозу ў краіну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.