Вы тут

Беларусы ў Варшаве: калі ўнукі спытаюць, пакажам ім альбом з нашымі партызанамі

Пратэсты пасля выбараў у Мінску / Еўрарадыё

У святле таго, што ў Польшчу прыбывае новая хваля палітычных уцекачоў з Беларусі, журналіст Wyborcza.pl пагаварыў з тымі, хто ўжо прыехаў туды, ратуючыся ад рэпрэсій на радзіме. Еўрарадыё пераказвае іх гісторыі.

Камусьці давялося бегчы з адным чамаданам, хтосьці пешшу прабіраўся праз мяжу, у кагосьці не было магчымасці нават узяць чамадан: на руках было дзіця.

 

Уладзімір, Ала, Рынат (8 гадоў) і Цімафей (1 год і 7 месяцаў). Салігорск — Макотуў

 

Рукі Алы яшчэ ніколі не дрыжалі так, як у пачатку снежня, калі ў іх дом уварваліся міліцыянеры. Забралі ўсё: сотавыя тэлефоны, камп'ютары, ноўтбукі, электронныя носьбіты. Нават тэлефон Рыната.

Уладзімір і Ала нават за мяжой баяцца паказваць твары / Agencja Gazeta

Шукалі тэлефон ягонага бацькі, Уладзіміра, які вёў каналы "Страна для жизни" на ютубе і ў тэлеграме. Калі б знайшлі, Уладзіміру далі б мінімум восем гадоў.

Мужчыну ўдалося бязгучна, аднымі вуснамі сказаць жонцы: "На канапе". Ала ўзяла Ціму на рукі і крадком штурхнула смартфон пад коўдру дзіцяці — ён застаўся незаўважаным.

Сям'і ўдалося перажыць гэты ператрус. Але праз месяц, 30 снежня, экс-сілавікі напісалі, што сетка салігорскай апазіцыі "адпрацаваная".

Уладзімір быў шахцёрам на радовішчы калійных соляў. Калі праз некалькі дзён пасля выбараў шахцёры абвясцілі забастоўку, пачалося паляванне на завадатараў. Былыя сілавікі папярэдзілі Уладзіміра, што па яго прыйдуць з крымінальным абвінавачаннем.

Ала і Уладзімір спакавалі сваё жыццё за дзве гадзіны. Ім пашанцавала. Некаторым калегам Уладзіміра па шахце не ўдалося сысці.

 

Мікіта. Мінск — Бялаленка

 

Мікіту таксама папярэдзілі "па-добраму". Больш ён не гаворыць, каб не нашкодзіць тым, хто дапамог. Яму патэлефанавалі і сказалі, што дадому ўжо прыйшлі з паперамі па крымінальнай справе: арт. 293 КК — масавыя беспарадкі. Пакаранне: да 15 гадоў калоніі-пасялення.

Мікіта ўжо даўно спаў і працаваў па-за домам. На працягу некалькіх месяцаў распаўсюджваў улёткі і падпольную прэсу, хадзіў на дэманстрацыі.

— Спачатку пасмейваліся, калі ў дзень выбараў адключылі інтэрнэт. Увечары пайшлі на выбарчы ўчастак паглядзець вынікі, але там пачалі хапаць людзей. І нам было не да смеху, — успамінае Мікіта.

Сілавікі ўночы з 9 на 10 жніўня / Еўрарадыё

Яго не злавілі.

— Але яны мяне ведалі. Бо ў іх ёсць тэлефоны, сістэма распазнавання твараў. Яны ведалі ўсё пра ўсіх.

Калі прагучаў сяброўскі званок, Мікіта працаваў на дыстанцыйцы, але сядзеў у сяброў. Ён напісаў калегам, што павінен узяць працяглы адпачынак. Зачыніў ноўтбук і адседжваўся ў вёсцы далёка ад Мінска.

Мікіта ведаў, што і тут яго знойдуць. Праз некалькі дзён узяў сумку з самым неабходным. Пакінуў тэлефон, камп'ютар і ўсю электроніку, каб яго не высачылі. Хлопец адправіўся ў Польшчу праз Расію, а потым праз Украіну. Пешшу прайшоў мяжу, часам пад'язджаў на маршрутках. Выдыхнуў Мікіта толькі на памежным пераходзе Рава-Руская — Грабенне.

 

Іван, Анастасія. Гомель — Лодзь

 

13 жніўня, праз чатыры дні пасля выбараў, у Івана, міліцыянера з Гомеля, быў выхадны. Але ён надзеў форму, стаў ля крэмавай сцяны ў сваей кватэры, уключыў запіс і загаварыў з энтузіязмам:

— Калегі! Нас прызвалі абараняць беларускі народ. І мы сталіся зброяй у руках аднаго чалавека. Сябры! Заклікаю вас не паднімаць зброю супраць мірных, безабаронных грамадзян. Я прысягнуў на вернасць Рэспубліцы Беларусь і яе народу. Я не сыходжу са службы, але і не збіраюся падпарадкоўвацца незаконным загадам.

Сябры! Я заклікаю, будзьце з народам!

У жніўні пратэстоўцы абдымалі сілавікоў каля Дома ўрада / Еўрарадыё

І на сваю бяду дадаў:

— Ціханоўская Святлана Георгіеўна, Вы мой прэзідэнт. Чакаю загадаў.

І выклаў запіс на ютуб. Праз 20 хвілін ён пачуў стук у дзверы.

— Я запісаў гэта, таму што не толькі я так падумаў. Мы размаўлялі з хлопцамі пра тое, што ўсё гэта было вельмі няправільна, але ўсе яны баяліся адкрыта ісці супраць загадаў. Я хацеў даць ім імпульс, думаў, што яны возьмуць з мяне прыклад, — кажа Іван.

Па яго прыйшлі калегі па атрадзе. Не падтрымаць, а затрымаць. Ён не стаў адчыняць, таму што ведаў, што яго не выпусцяць з-пад варты. Урэшце, яны калегі, таму праз дзверы ўдалося дамовіцца, што аддасць значок, але выкіне яго праз балкон. Потым яны з'ехалі раіцца з начальствам. Дваіх дзяжурных пакінулі ў машыне каля дома.

Магчыма, тыя заснулі, таму Івану ўдалося скарыстацца момантам. Яны з жонкай Анастасіяй спакавалі чамадан і здолелі праслізнуць да машыны. Як і многія, яны ўцякалі праз Расію і Украіну.

— Тыдзень спалі ў машыне, каб нідзе не свяціцца. Я мяняў сім-карты кожныя два дні.

Потым даведаўся, што ўзламаць дзверы было загадана на наступны дзень, а шостай раніцы. Яго камандзіры нават разглядалі абвінавачанне ў дзяржаўнай здрадзе з пакараннем у выглядзе 25 гадоў пазбаўлення волі.

 

Яна, Цімур (8 гадоў). Гродна — Воля

 

Год таму Яна не цікавілася палітыкай. Але калі незалежных кандыдатаў пачалі саджаць у турмы, яе гэта ўсхвалявала.

— 99 адсоткаў маіх сяброў прагаласавалі за Ціханоўскую. І сябры сяброў таксама. Вось чаму вынікі, прадстаўленыя ўладамі, выклікалі такі шок, — кажа яна.

Яна пачала выходзіць на акцыі пратэсту. У адзін з вераснёўскіх дзён яна стаяла ў першым шэрагу. Спачатку праехала грамадзянская машына з фотаапаратамі. Потым аўтобусы, з якіх выскачылі сілавікі ў цывільным. Яны наўздагад лавілі людзей. На дэманстрацыі было шмат жанчын, таму што раней іх не затрымлівалі.

Жанчыны на акцыі пратэсту ў Мінску / Еўрарадыё

— У нас была такая тактыка: калі хапаюць дзяўчыну, усе вішчаць і крычаць, каб вывесці іх з раўнавагі. І вось маленькай дзяўчыне скруцілі рукі, звалілі на зямлю, нагой прыціснулі твар да асфальту і цягнуць да машыны. Мы крычым, пішчым, а яны нічога, — кажа Яна.

Яна не змагла гэтага вынесці. Падбегла і зняла балаклаву з аднаго з сілавікоў.

— Гэта было спантанна, я гэтага не планавала. А потым хуткі аналіз: у мяне характэрны чырвоны швэдар, нашы твары знялі, а дзяўчыне ў Мінску за тое ж прад'явілі абвінавачанне ў нападзе на міліцыянера.

Яна пабегла да машыны, прыпаркаванай недалёка. У Яны ёсць сын, Цімур, гадуе яго адна. Калі яе пасадзяць, то сына забяруць.

Пасля таго выпадку жанчына схавалася ў сяброў. Раніцай суседзі даслалі фота зламаных дзвярэй у яе кватэру. Па Яну прыйшлі ноччу.

Тады Яна проста ўзяла Цімура і адправілася на маршрутцы да польскай мяжы. Узяць з сабой нейкія рэчы яна не магла. На беларускім пункце пропуску памежніца спытала, як яна едзе ў госці, калі польская мяжа закрытая?

— Думаю, яна ведала, што адбываецца. Прапусціла мяне. А палякі ўжо пра нас паклапаціліся. Запісалі дакументы, адвезлі ў інтэрнат, ва ўсім дапамаглі.

 

Мабілізацыя беларусаў

 

Уцякаць у Польшчу вымушаныя не толькі дасведчаныя актывісты, але і людзі, якія спантанна далучыліся да пратэстаў.

— Спачатку з намі размаўлялі звычайныя міліцыянеры. У снежні КДБ. Мяне пяць гадзін мучылі, я маліла іх спыніцца і проста зачыніць мяне, — кажа актывістка Аксана, якая таксама ўцякла з дзецьмі.

Падчас аднаго з затрыманняў у іншай жанчыны, Наталлі, забралі не толькі тэлефон, але і сабраныя грошы.

Аксана і Наталля з дзецьмі / Agencja Gazeta

— А якая-небудзь паперка? — спытала яна пра распіску. "Папера ў прыбіральні", — сказалі ў адказ.

Дапамогу беларусам арганізуюць беларусы, якія жывуць у Польшчы шмат гадоў. Саша — з 18 гадоў. У яе ёсць грамадзянства, муж, двое дзяцей.

— Я не падтрымлівала кантактаў з дыяспарай, таму што не было неабходнасці. Але праз некалькі начэй пасля выбараў я не магла заснуць, проста плакала, — кажа Саша.

Яна знайшла Фонд Humanosh, які дапамагае ўцекачам, раней з Тыбета, цяпер з Беларусі.

Ёсць і іншыя людзі. Яны хутка дзеляцца задачамі. У іх ёсць ведамасныя групы ў фэйсбуку: Legal, Procurement, Education, Labor. Напрыклад, з'яўляецца аб'ява: "Уладзімір. Патрэбна кватэра, цёплае адзенне, моўныя курсы, школа для дзяцей, потым праца". І ўсе ўжо ведаюць, што рабіць.

Перад жнівеньскімі выбарамі каля 40 грамадзян Беларусі штогод прасілі прытулку ў Польшчы па палітычных матывах. У 2020 годзе да канца ліпеня было пададзена 30 заявак. З пачатку жніўня да канца года — 375 чалавек. Усяго ў 2020 годзе Польшча прыняла 405 грамадзян Беларусі, якія звярнуліся па міжнародную абарону, з якіх прыкладна палова звярнулася на знешняй мяжы. Астатнія — унутры краіны, у асноўным у Варшаве.

Акцыя салідарнасці з беларусамі ў Варшаве / Яна Пракопчык

Немагчыма пашкадаваць пра гэта

— За мной гоняцца, як за хуліганам, а я ў морду нікому не даў. Можа, толькі пра гэта шкадую, — кажа Мікіта.

— На Лукашэнку трэба было ціснуць у першыя дні. Яму тады было вельмі страшна, — расказвае Іван.

Падчас размовы Наталля атрымлівае вестку пра тое, што Беларусь толькі што адклікала матэрыяльную дапамогу яе прыёмнай дачцэ Сафіі, з якой яна прыехала ў Польшчу.

— Нашы ўнукі спытаюць нас, чым мы займаліся ў гэтыя дні. Пакажам ім альбом з фотаздымкамі нашых партызан, — кажа Наталля.

Аксана дадае:

— Я ніколі не пашкадую пра гэта адчуванне: калі ты ідзеш, называеш пароль, а тысячы людзей скандуюць табе ўслед: "Верым! Можам! Пераможам!"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.