Вы тут

Беларусы не змогуць атрымліваць льготныя лекі супраць хвароб сэрца і вачэй?

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Еўрарадыё

Асноўную частку лекаў, прызначаных для лячэння хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы і глаўкомы, цяпер нельга атрымаць бясплатна ці набыць у льготным парадку: са зніжкай у 10% ці 50%. Пра гэта Еўрарадыё распавялі адразу некалькі слухачоў, якія не здолелі набыць неабходныя лекі па выпісаных рэцэптах. Інфармацыю пацвердзілі ў аптэках.

Адна з пакупніц, напрыклад, не змагла набыць лекі супраць вянознай хваробы. Усё, што здолеў прапанаваць правізар, — набыць неабходныя прэпараты амаль за 50 рублёў кожны (патрэбна іх мінімум тры пакункі) ці звярнуцца да лекара, каб рэцэпт як-небудзь змянілі.

Так званы “асноўны спіс” зацверджаны пастановай №65 Міністэрства аховы здароўя. Змены ў яго былі ўнесеныя яшчэ 13 жніўня 2018 года, аднак моц набылі 17 кастрычніка. У аптэчныя сістэмы продажу папраўкі ўнеслі толькі 18 кастрычніка.

У карэспандэнта Еўрарадыё атрымалася паразмаўляць з супрацоўніцай адной са сталічных аптэк.

“Пра гэтыя новаўвядзенні мы даведаліся раніцай, калі раптам не здолелі адпусціць прэпарат па льгоце. Адмысловая праграма, якая кантралюе продаж прэпаратаў, не прапусціла бясплатны водпуск. Як высветлілася, не атрымалася не толькі ў мяне: шмат хто з маіх калег паскардзіўся, што некаторыя лекі цяпер немагчыма прадаць ці адпусціць па льгоце. Пачалі разбірацца і афармляць запрос у вышэйстаячыя органы. Як высветлілася, яны пакуль нават не могуць даць ніякіх інструкцый”.

Ілюстрацыйнае фота.

“У комплексных леках дзеючыя сродкі працуюць адзін з адным, а паасобку яны могуць губляць сваю эфектыўнасць”

Так званы “асноўны спіс” — гэта пералік лекавых сродкаў, якія мусяць быць у кожнай (не важна, прыватнай ці дзяржаўнай) аптэцы. У наяўнасці абавязкова мусяць быць як мінімум тры адзінкі кожнага прэпарата. Спіс зацвярджаецца Міністэрствам аховы здароўя.

Усе сродкі са спісу могуць адпускацца як па поўным кошце (што часцей за ўсё зусім не танна), так і па льготах, якія прадастаўляе лекар, выпісваючы які-небудзь прэпарат.

Выключэнні са спісу, пра якія ідзе гаворка, датычыцца комплексных лекавых сродкаў, то бок тых, у складзе якія ёсць не толькі асноўны дзеючы сродак, але і дадатковыя. Яны могуць дапаўняць ці дапамагаць ствараць больш дзейныя прэпараты, напрыклад, нейтралізуючы негатыўныя наступствы прыёму моцных асноўных дзеючых сродкаў.

“Праблема выключэння комплексных лекавых сродкаў таксама ў тым, што часам менавіта праз сваю комплекснасць яны дзейнічаюць нашмат больш эфектыўна, — распавядае правізар. — Да таго ж, напрыклад некаторыя каплі для лячэння глаўкомы маюць у сваім складзе 3-4 дзеючыя рэчывы. Так, пасля забароны на льготны продаж, лекары здолеюць выпісваць лекі, але замест аднаго наймення людзям прыйдзецца браць тры-чатыры. Па-першае, гэта нязручна. А па-другое, сутнасць комплексных лекавых сродкаў у тым, што яны маюць адмыслова пабудаваную хімічную сувязь, каб усе дзеючыя сродкі маглі працаваць адзін з адным. А вось паасобку яны могуць быць ужо зусім не такія эфектыўныя. І нават не тое што эфектыўныя — яны могуць увогуле нейтралізоўваць адзін іншы".

У адной з мінскіх паліклінік Еўрарадыё сказалі, што пакуль нічога не чулі пра абмежаванні льготнай продажы лекаў у аптэках. Наадварот, там кажуць, што “асноўны спіс” не так даўно нават пашырыўся.

У дакумент сапраўды былі дадзеныя і новыя лекавыя сродкі. Аднак таксама шмат было выключана ці абмежавана.

На момант выхаду публікацыі атрымаць каментарый у прадстаўнікоў Мінздароўя не атрымалася. Прэс-сакратар Мінздароўя паабяцала Еўрарадыё пракаментаваць інфармацыю цягам сённяшняга дня.