Беларусы не будуць працаваць з Вялікім адронным калайдарам. У чым пагроза навуцы

CERN, Жэнева / Torbjorn Toby Jorgensen

Еўрапейскі цэнтр ядзерных даследаванняў спыніць усе кантакты з беларускімі інстытутамі. Гаворка ідзе пра той самы ЦЭРН — лабараторыю пад Жэневай, у якой пабудавалі Вялікі адронны калайдар. Беларускія навукоўцы ўдзельнічалі ў распрацоўцы і праектаванні калайдара, у эксперыментах на ім — але хутка доступ у Жэневу будзе для іх закрыты.

Тэрмін дзеяння пагадненняў ЦЭРН пра супрацоўніцтва з Беларуссю і Расіяй заканчваецца ў 2024 годзе. Падаўжаць іх не будуць. Мы папрасілі навукоўца растлумачыць, навошта беларусам эксперыменты на калайдары і ці далёка прасунецца навука без кантактаў з замежнымі партнёрамі.
 

Беларусы працавалі з Жэневай над фундаментальнымі тэорыямі

— Вялікі адронны калайдэр, або LHC — гэта велізарны праект, там працуе вялікая колькасць людзей, і кожны робіць нейкі свой унёсак. З ЦЭРН непасрэдна я не працаваў, але працавалі калегі. Супрацоўніцтва праходзіла ў розных фарматах, найбольш каштоўнае — менавіта паездкі на LHC.

Maximilien Brice, CERN / тунель Вялікага адроннага калайдара

Нашы навукоўцы працавалі над рознымі тэорыямі, уключаючы фундаментальныя, якія можна праверыць на LHC.

Беларусы і далей змогуць удзельнічаць у эксперыментах ЦЭРН, але вось толькі не як прадстаўнікі дзяржавы, а як прыватныя асобы.

Цяпер на базе ЦЭРН распрацоўваецца новы паскаральнік — "Будучы кальцавы калайдар". Гэта вялікі міжнародны праект, запускаць калайдар плануюць прыкладна ў 2040 годзе.

— У гэтай распрацоўцы таксама вельмі хацелася б паўдзельнічаць, бо гэта самы першы край сучаснай фізікі, — прызнае наш суразмоўца.

ЦЭРН, Жэнева / Ank Kumar

ЦЭРН заключае пагадненні пра міжнароднае супрацоўніцтва з краінамі на пяць гадоў. Звычайна яны аўтаматычна падаўжаюцца яшчэ на пяць гадоў, калі адзін з бакоў не скіроўвае іншаму пісьмовае апавяшчэнне аб скасаванні. Тэрмін дзеяння пагаднення з Беларуссю заканчваецца ў чэрвені 2024 года.

Гэта значыць, што ў нашых навукоўцаў ёсць яшчэ крыху больш за год, каб скончыць свае эксперыменты ў ЦЭРН. А для навукі гэта наогул шмат?

— Эксперыменты на LHC распрацоўваюцца, плануюцца і праводзяцца гадамі. А самы галоўны эксперымент па пошуку базона Хігса — дзесяцігоддзямі. Год — гэта, хутчэй, тэрмін, за які можна будзе знайсці замену тым, каму пазней адмовяць ва ўдзеле ў эксперыментах.
 

“Як вайна знішчыла фізіку”

Пад такім гучным загалоўкам днямі быў апублікаваны артыкул у The Guardian. Праблема ў тым, што з пачаткам вайны ва Украіне ЦЭрН аказаўся ў тупіковай сітуацыі: там не ведалі, як пазначаць аўтарства беларускіх і расійскіх даследчыкаў у эксперыментах цэнтра і ці пазначаць яго наогул.

Над чатырма найбуйнейшымі эксперыментамі ЦЭРН на калайдары працуюць тысячы даследчыкаў з розных краін. І артыкулы звычайна выходзяць пад імёнамі ўсіх удзельнікаў праекта.

Журналісты Guardian са спасылкай на крыніцы ў ЦЭРН пішуць, што пасля пачатку вайны ва Украіне некаторыя даследчыкі пярэчылі супраць суаўтарства з расійскімі цэнтрамі. Прычым часам самымі вялікімі радыкаламі ў гэтым пытанні аказваліся не ўкраінскія, а еўрапейскія навукоўцы.

Унутры Вялікага адроннага калайдара / Thomas Cizauskas

Часовы кампраміс заключаўся ў тым, каб пакуль не публікаваць працы наогул. І ў сакавіку здарылася тое, чаго ні разу не было з моманту запуску адроннага калайдара: колькасць навуковых артыкулаў пра эксперыменты на ім ўпала да нуля. Калі эксперыменты ўсё роўна праводзяцца, чаму адсутнасць публікацыі можа быць праблемай?

— Публікацыі — гэта крытэрый працы навукоўца. Узровень работ, тое, дзе ён публікуецца, колькасць спасылак на яго працы вызначаюць яго ўнёсак. І ад колькасці якасных артыкулаў залежыць, ці зможа гэты навуковец або навуковы калектыў атрымаць грант для фінансавання навуковых работ, даць справаздачу пра праведзеную працу ў тым ліку па дзяржаўных праграмах. Для маладых навукоўцаў артыкулы таксама важныя для абароны кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый.

Мы спыталі нашага суразмоўцу пра тое, ці сутыкаўся ён асабіста або яго калегі з адмовамі працаваць разам. Ён кажа, што праблема не ў асабістых сімпатыях і антыпатыях, а ў санкцыях.

— Праз санкцыі абрываецца фінансаванне з-за мяжы, і гэта выклікае адмову ў правядзенні супольных даследаванняў. А з беларускага боку фінансаванне, як правіла, вельмі маленькае. Калі не вылучаюць грошы на сумесныя навуковыя даследаванні, то, як правіла, ніхто не будзе праводзіць сумеснае даследаванне.

А да чаго ў доўгатэрміновай перспектыве прывядзе адсутнасць нармальных кантактаў з замежнымі калегамі?

— Супрацоўніцтва ў міжнародных праграмах вельмі часта звязанае з асабістымі сувязямі, кантактамі. Напрыклад, беларускі бок часта можа прапанаваць тое, чаго ў іх саміх няма. Напрыклад, у беларусаў ёсць нейкая тэорыя, якая лепш за іншых апісвае эксперыменты. Ці беларусы могуць зрабіць нешта такое, чаго не могуць зрабіць іншыя.

Адсутнасць кантактаў, сумесных камандзіровак істотна ўплывае на кампетэнцыю навукоўцаў, на іх кваліфікацыю. Як правіла, усе лічаць, што іх тэорыі лепшыя за іншыя, што яны робяць усё самым правільным чынам. Але навука — яна на тое і навука, каб усё правяраць, і ёсць метады, каб правяраць сябе і іншых. Гэта дазваляе дамагчыся ўпэўненасці, што адна тэорыя працуе, а іншая — не.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.