Вы тут

Беларусы могуць застацца без IQOS

Сістэма награвання тытуню / pixabay.com​

Казахстан прапануе ўключыць награваны тытунь у тэхнічны рэгламент ЕАЭС на тытунёвую прадукцыю. Прапанова ўжо накіраваная ў Еўразійскую эканамічную камісію, паведамляе расійскае выданне "Ведомости" са спасылкай на прадстаўніка Міністэрства гандлю і інтэграцыі рэспублікі.

З аналагічнай ініцыятывай выступае і расійскае Міністэрства аховы здароўя. Калі рашэнне будзе прынятае, награваны тытунь для IQOS можа знікнуць з рынку. Вытворцы кажуць, што кампаніі не змогуць выканаць патрабаванні тэхрэгламенту, і выпуск давядзецца спыніць.

Тэхрэгламент ЕАЭС быў прыняты ў 2014 годзе. Ён змяшчае патрабаванні да вытворчасці тытунёвай прадукцыі, якія абавязковыя для краін — чальцоў саюза: Расіі, Арменіі, Казахстана, Беларусі і Кыргызстана. Цяпер у рэгламент уключаныя толькі цыгарэты, цыгары і цыгарылы, а таксама розныя віды тытуню і іншая падобная прадукцыя. Пры гэтым награваны тытунь, а таксама іншыя альтэрнатыўныя катэгорыі (вейпы, электронныя цыгарэты) да цяперашняга часу ў яго не былі ўключаныя.

Выключнае права на ажыццяўленне імпарту некурыльных тытунёвых вырабаў у Беларусі мае кампанія "Энерга-ОІЛ". Адпаведны ўказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў у лютым. Адзначалася, што ўказ падпісаны "ў мэтах стварэння дадатковых умоў для абароту тытунёвых вырабаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.