Беларусы і казахі адначасова прапанавалі правесці сустрэчу па Украіне

Беларускі і казахстанскі МЗС размясцілі на сваіх сайтах заявы, у якіх гаворыцца, што яны гатовыя прыняць у сябе ўдзельнікаў кантактнай групы па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне.

Беларускае знешнепалітычнае ведамства выказвае спачуванне родным і блізкім загінулых у часе абстрэлу Марыупаля 24 студзеня.

“Насуперак заклікам міжнароднай грамадскасці і здароваму сэнсу канфлікт на ўсходзе Украіны працягвае разрастацца. Неабходна неадкладна прыняць эфектыўныя захады для спынення агню і недапушчэнні гібелі людзей. Падтрымліваем імкненне трохбаковай кантактнай групы правесці як мага хутчэй наўпроставыя перамовы ўсіх удзельнікаў, якія падпісалі дакументы ў Мінску. Гатовыя пасадзейнічаць любым неабходным чынам для правядзення гэтай сустрэчы”, — гаворыцца ў заяве беларускага МЗС.

Казахстанскі МЗС у сваю чаргу выказвае “сур’ёзную занепакоенасць эскалацыяй канфлікту ва Украіне, асабліва фактамі абстрэлаў, якія прывялі да гібелі мірных жыхароў”.

“Цвёрда перакананыя, што альтэрнатывы мірным перамовам па ўрэгуляванні крызіснай сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны не існуе. Настойліва заклікаем усе бакі перайсці да вырашэння канфлікту выключна мірным шляхам, заснаваным на выкананні ўсімі ўдзельнікамі сваіх абавязанняў, у тым ліку прадугледжанымі Мінскімі дамоўленасцямі”, — сказана ў заяве Міністэрства замежных справаў Казахстану.

Таксама казахстанскія ўлады гатовыя даць пляцоўку для перамоваў па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу “у любым зручным для бакоў фармаце і ў любы прыймальны час”.

Раней сустрэчы кантактнай трохбаковай групы з удзелам прадстаўнікоў АБСЕ, Расіі, Украіны і гэтак званых ДНР і ЛНР праходзілі выключна ў Мінску.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі