"Беларусы больш падобныя на балтыйцаў па ідэнтычнасці, але вайна змяніла ўсё"

Ілюстрацыя Віктара Баранава / "Новая газета — Балтыя"

Пасля пачатку вайны Латвія значна скараціла магчымасці міграцыі для грамадзян Расіі і Беларусі. У спецпраекце "З'ехаць нельга застацца" "Новая газета Балтыя" расказвае гісторыі беларусаў і расіян, якія ў розныя гады з розных прычын выбралі Латвію сваім новым домам. Не ўсе яны ўпэўненыя, што атрымаецца застацца.

Марына Гагарына (імя змененае на яе просьбу заўв.) з'ехала з Беларусі ў 2021 годзе. "Рашэнне было звязанае з тым, нашы з мужам палітычныя погляды не супадаюць з палітыкай беларускай дзяржавы", кажа Марына.  

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года яе мужа затрымалі за ўдзел у пратэсных маршах. Пасля сутак сям'я зразумела, што трэба з'язджаць. Выбралі Украіну, бо туды не трэба было афармляць візу. Пражылі ў Адэсе амаль год.

"Спачатку атрымалі падаўжэнне дазволенага знаходжання ў краіне, а потым пачалі афармляць від на жыхарства. Але атрымаць ВНЖ не паспелі 24 лютага пачалася вайна, і ўжо на наступны дзень мы вырашылі з'язджаць. Калі на руках двое дзяцей, асабліва доўга разважаць не даводзіцца", тлумачыць Марына.

"Жывём па працоўнай візе"

Марына з мужам і дзецьмі не планавалі пераязджаць мэтанакіравана ў Латвію. Свой пераезд у Рыгу жанчына называе збегам абставінаў. У Латвію заехалі па польскіх гуманітарных візах. Ужо аказаўшыся ў краіне, беларусы задумаліся над афармленнем свайго статусу ў Латвіі.

"Муж атрымаў працоўную візу. Гэта было даволі проста, бо спецыялісты IT-сферы, у якой ён працуе, у Латвіі цэняцца высока. Але калі муж падаў дакументы на ўз'яднанне сям'і, у прадстаўнікоў латвійскага міграцыйнага ведамства паўсталі пытанні — а чым я тут буду займацца і пры чым тут наогул дзеці? Ці не лепш нам вярнуцца назад у Беларусь?

Маўляў, палітычны пераслед тычыўся толькі майго мужа, які не можа вярнуцца назад на радзіму. Увогуле нам давялося шукаць нейкія юрыдычныя падставы, каб застацца ў Латвіі і, дзякуй богу, мы іх знайшлі. Цяпер мы легальна знаходзімся ў Латвіі дзякуючы рабочай візе мужа. Але ў мяне, як і ў дзяцей, усяго толькі віза працяглага знаходжання ў краіне без права ўладкавацца на працу", — расказвае Марына.

Першапачаткова сям'я планавала падаваць дакументы на віды на жыхарства. Але 9 красавіка ўступілі ў сілу папраўкі да латвійскага іміграцыйнага закона, якія прадугледжваюць прыпыненне да 30 чэрвеня 2023 года выдачы першасных відаў на жыхарства грамадзянам Расіі і Беларусі з агаворкай на некаторыя выключэнні.

"Беларусь — гэта краіна-агрэсар. Таму спачатку мы чакалі, калі нам афіцыйна выдадуць адмову ў відзе на жыхарства, і толькі потым пачалі афармляць працоўную візу", — успамінае Марына.

Ілюстрацыя Віктара Баранава / "Новая газета — Балтыя"

Цьмяныя перспектывы 

Цяпер сям'я ў падвешаным стане — рабочая віза не бясконцая, і ў мужа Марыны яна мінае праз паўгода. Адпаведна, тады ж перастаюць дзейнічаць візы Марыны і дзяцей.

"І пакуль будзе дзейнічаць закон пра тое, што беларусам нельга выдаваць першасныя віды на жыхарства, у нас вялікае пытанне: што нам рабіць? Тэарэтычна муж можа падоўжыць працоўную візу — у яго кантракт на некалькі гадоў, — але, наколькі я ведаю заканадаўства Латвіі, зрабіць гэта ў цяперашніх умовах вельмі праблематычна", — тлумачыць Марына.

Сям'я разглядае палітычны прытулак як крайні варыянт. "Хочацца спадзявацца, што рэжым Лукашэнкі абрынецца і сітуацыя зменіцца, але пакуль мы не будзем прасіць прытулку. Таму што не хочацца канчаткова абрываць сувязь з радзімай. А калі мы папросім прытулку, то паехаць у Беларусь ужо не зможам", — дадае беларуска.  

Марына спадзяецца, што калі скончыцца тэрмін забароны на выдачу ВНЖ грамадзянам Беларусі і Расіі, латвійскія ўлады неяк перагледзяць сітуацыю і ўсё ж пачнуць выдаваць дакументы.

"Гэта вельмі вялікая праблема, я лічу, з гэтым трэба нешта рабіць. Асабліва бачачы, што тыя, хто прыехаў у Латвію, гатовыя тут працаваць і плаціць падаткі, вучыць латышскую мову. На мой погляд, трэба мяняць гэты закон, бо сапраўды ёсць людзі, якія пацярпелі ад гэтай палітыкі", — дадае яна.

"Ужо тады разумела, што трэба з'язджаць з Беларусі"

Беларуска Надзея Ручанава пераехала ў Латвію ў 2018 годзе. Кажа, што ўжо тады разумела, што з краіны трэба з'язджаць. Надзея жыла ў Мінску, працавала дырэктаркай у IT-кампаніі. "Прыбыткі дазвалялі, і было жаданне атрымаць веды сусветнага ўзроўню", — успамінае Надзея. У 2017 годзе яна паступіла ў Стакгольмскую школу эканомікі і пачала прыязджаць у Рыгу на тыдзень кожны месяц.

Праз год Надзея выйшла замуж. Яе муж вырашыў паспрабаваць сілы ў латвійскай кампаніі, паспяхова прайшоў сумоўе. "Узважылі ўсе рызыкі, усе "за" і "супраць". І ўдваіх кінулі ўсё: я сваю пасаду дырэктара, ён таксама адмовіўся ад добрай пазіцыі", — расказвае Надзея.

Ілюстрацыя Віктара Баранава / "Новая газета — Балтыя"

Знаёмыя Надзеі не разумелі, чаму яна вырашыла з'ехаць. "Ну добра б яшчэ ў Лондан, але чаму ў Латвію?" дзівіліся яны.

Сама Надзея кажа, што ўжо тады разумела: з Беларусі трэба будзе з'язджаць. Паводле прафесіі беларуска крызісная кіраўніца. Яна кажа, што ўжо тады бачыла крызісныя сігналы на ранняй стадыі.

"Калі ў вас ёсць запас грошай на чорны дзень, лічыце, што ён надышоў" 

Цяпер Надзея сама кансультуе тых, хто пераязджае, як валанцёрка. Яна раіць усім, хто думае пра эміграцыю, зразумець сваю сітуацыю: "Калі нешта пагражае нашаму здароўю, блізкім, свабодзе, то мы не ў сітуацыі выбару, мы проста забяспечваем базавую бяспеку".

Калі гаворка ідзе пра эміграцыю як пра планавы выбар, Надзея раіць рыхтавацца да пераезду: падцягнуць англійскую мову, назапасіць грошай і стварыць сацыяльнае кола.

"Асаблівасць латышскага грамадства — высокая замкнёнасць, тут насамрэч вельмі цяжка знаходзіць сяброў. Многія пытаюцца, ці мае сэнс спачатку паехаць аднаму, асталявацца, а потым перавозіць сям'ю. Я заўсёды рэкамендую лепш ехаць усім разам, усім адразу. Калі ў цябе ёсць сям'я, усім разам нашмат лягчэй упісваць сябе ў новую прастору", кажа Надзея.

Яна таксама раіць збіраць грошы на пераезд. Паводле яе ацэнак, трэба ад 5 тысяч еўра, калі чалавек планава забяспечвае пераезд усёй сям'і.

"Ёсць шмат даследаванняў, якія па сіле псіхалагічнай траўмы прыраўноўваюць рэлакацыю да страты блізкага сваяка першага кола. Калі ў вас ёсць хоць нейкі запас грошай на чорны дзень, лічыце, што ён надышоў. Пара дастаць заначку і перабіць бытавыя цяжкасці грашыма. Вы павінны купіць сабе трошкі камфорту", раіць беларуска.

Ілюстрацыя Віктара Баранава / "Новая газета — Балтыя"

На думку палітолага Андыса Кударса, меры па скарачэнні магчымасцяў іміграцыі грамадзян Расіі і Беларусі апраўданыя: у Латвіі няма рэсурсу прымаць і ўладкоўваць людзей, а пускаць іх як працоўную сілу не дазваляе палітычны аспект праз трапяткое стаўленне да нацыянальнай ідэнтычнасці. Яшчэ адзін важны момант — гэта культурная траўма Латвіі праз савецкую акупацыю. "Цяпер я не бачу, што міграцыйныя плыні з Беларусі і Расеі павялічацца", — кажа Кударс.

Паводле слоў дэпутата, у краіне ёсць разуменне, што беларусы — гэта не расіяне, але ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне ва Украіне на баку Расіі цягне за сабой наступствы.

"Пасля беларускіх пратэстаў 2020 года Латвія з радасцю прыняла беларусаў, якім было прапанавана перавесці свае кампаніі (асабліва тыя, якія працуюць у сферы IT) у Латвію. Многія латышы спачувалі беларускім пратэстоўцам, якія мужна выступалі за дэмакратыю, — кажа Андыс Кударс. — Беларусы больш падобныя на балтыйцаў па ідэнтычнасці, чым на рускіх. Латвія ўжо шмат гадоў спадзяецца, што Беларусь вызваліцца ад расійскага кантролю і зробіцца дэмакратычным суседам. Ведаючы амбіцыі Крамля ў рэгіянальным панаванні, хутчэй за ўсё, гэта адбудзецца толькі тады, калі ў самой Расіі адбудуцца значныя палітычныя змены".

Зразумела, што цяпер магчымасці з'ехаць у грамадзян Беларусі і Расеі змяншаюцца. Наколькі імаверныя якія-небудзь паслабленні з боку ўраду Латвіі і як прыпыненне міграцыі паўплывае на Латвіі ў доўгатэрміновай перспектыве?

Вядома, ніхто не заплюшчвае вочы на дэмаграфічную праблему ў Латвіі. Многія з'ехалі пасля 2004 года, калі адкрыліся межы. Прырост насельніцтва адмоўны, як і ў Заходняй Еўропе, якая якраз вырашае праблемы з дапамогай патокаў мігрантаў. Латвія так рабіць не хоча. Існуе ціск з боку латвійскіх прыватных кампаній на палітыку міграцыі. Была партыя Айнарса Шлесерса, якая прасоўвала ідэю, што Латвіі трэба зарабляць з дапамогай продажу ВНЖ. Нацыянал-кансерватыўныя палітыкі кажуць, што ў нас ужо дастаткова рускіх і свае міграцыйныя квоты мы запоўнілі падчас савецкай міграцыі.

Вайна змяніла ўсё, цяпер я не бачу, што міграцыйныя патокі з Беларусі і Расіі павялічацца. Наадварот, стаўленне робіцца крытычным. Ёсць грамадскі ціск на палітыкаў і дыпламатаў Латвіі, каб яны сачылі, хто ўязджае ў краіну. Латвійскія ўлады дазваляюць прыязджаць толькі блізкім сваякам тых, хто ўжо тут.

Гэта не тычыцца ўкраінцаў. У нас вельмі шмат уцекачоў, каля 35 000 чалавек. Стаўленне да ўкраінцаў іншае — яны сапраўды бягуць ад вайны. Краіна-агрэсар — Расія, а Украіна абараняецца. Пры гэтым ёсць частка рускамоўных у Латвіі, якія агрэсіўна выступаюць супраць украінцаў. Гэты кантэкст таксама важны. Цяпер грамадства схіляецца да таго, што расіяне павінны не бегчы ад вайны, а займацца сваёй краінай. У Латвіі як не ў самай багатай краіны ў Еўропе няма рэсурсу прымаць яшчэ людзей і ўладкоўваць іх сацыяльна, а прымаць як працоўную сілу не дазваляе палітычны аспект праз трапяткое стаўленне да нацыянальнай ідэнтычнасці. Для народаў, якія ў колькасным сэнсе моцна прайграюць суседзям у насельніцтве, носьбітах дзяржаўнай мовы і памерах, заўсёды будзе боязь прайграць канкурэнцыю нацыянальнай ідэнтычнасці. Я прадбачу, што латвійскія палітыкі будуць шукаць рычагі, як паўплываць на нараджальнасць у Латвіі.

Пры падтрымцы "Медыясеткі"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.