Беларусы афармляюць рублёвыя дэпазіты

Забраць валютны ўклад, паддаўшыся паніцы, паспрабавала і я ў “Белаграпрамбанку”.

"Вы зразумейце, валюту трэба заказваць за пяць дзён, мы не можам выдаць вам грошы, бо ў нас няма валюты!” — кажуць мне ў “Белаграпрамбанку”.

За мной яшчэ тры чалавекі з такім жа жаданнем, перада мной стомленая супрацоўніца банка: 18-19 снежня ў банкі ішлі сотні ахвочых забраць грошы. Хто пераафармляў уклады ў валютныя, хто забіраў рублі. Супрацоўніцы банка выбачаюцца, але просяць напісаць заяву на выдачу грошай.

“Вы ж бачыце, якая складаная сітуацыя ў краіне”, — спрабуюць утаймаваць кансультанты, але мяне не спыніць! Грошы забрала з боем. Іншым не пашчасціла — яны пісалі заяву, каб цягам пяці дзён вярнулі грошы.

Паводле інфармацыі БЕЛТА, 18 снежня беларусы забралі з банкаў каля 2 трыльёнаў рублёў, 19 снежня — 0,9 трыльёна рублёў.

Шэраг банкаў, у тым ліку камерцыйныя, адрэагаваў на сітуацыю на валютным рынку: пачалі павышаць стаўкі па дэпазітах. Рублёвыя ўклады павысіліся ў асобных банках да 50%, а валютныя — усяго на некалькі пунктаў. Да прыкладу, “Белаграпрамбанку” павышэнне ставак па валютным дэпазіце склаў усяго адзін працэнт.

“У нас тут чарга з ахвочых аформіць уклад у беларускія рублі”, — кажуць  і ў аддзяленні “Беларусбанка” Фрунзенскага раёна Мінска. Дарэчы, валюту тут набыць нельга — у касе ўсяго 100-200 долараў. А вось абменнік Нацбанка валюту толькі прымае, але не прадае. Затое курс тут адзін з самых высокіх — 13800 за долар.

У “Белаграпрамбанку”, дзе забірала грошы я, таксама ёсць ахвочыя на афармленне рублёвых ўкладаў. Дзяўчына-кансультант падлічвае выгаду рублёвага ўкладу перад валютным на аднолькавую суму — 1000 долараў. Кладзем рублёвы ўклад на 35 дзён пад 50% і пад 5,6% на 90 дзён валютны ўклад. 

“Калі пакладзяце 1000 долараў у валюце, атрымаецца даход у 14 долараў праз 90 дзён, а калі гэтыя ж грошы пакласці ў рублях (па сённяшнім курсе гэта будзе 13 794 000 рублёў — заўвага Еўрарадыё), даход атрымаецца 664 тысячы рублёў, ці каля 45,8 долараў з улікам 30% камісіі за 35 дзён”, — падлічвае кансультант і папярэджвае: — Але зноў жа, гэта мы лічым на сённяшні курс, а як будзе праз 35 дзён ці 90 (гэта тэрмін укладу), невядома”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі