Беларускі дэпутат паўтарыў эксперымент Стывена Хокінга

Стывен Хокінг, weibo.com
Стывен Хокінг, weibo.com

Легендарны фізік-тэарэтык Стывен Хокінг 28 ліпеня 2009 года арганізаваў у сябе дома вечарынку. Аднак на яе ніхто не прыйшоў. Уся справа ў тым, што запрашэнне на яе Хокінг адправіў 29 ліпеня, на наступны дзень пасля самой вечарынкі. Тым самым навуковец хацеў даказаць, што падарожнікаў у часе не існуе.

Спецыяльна ці не, але эксперымент Хокінга праз 10 гадоў паўтарыў Пётр Салаўёў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў. Ён прапанаваў выбаршчыку па сваёй Магілёўскай-Прамысловай акрузе № 87 наведаць сустрэчу з ім, але запрашэнне адправіў на наступны дзень пасля сустрэчы.

"27 чэрвеня, перад тым як парламент павінен быў разглядаць праект закона аб узмацненні жорсткасці ўмоў прызыву ў войска, я вырашыў праявіць грамадзянскую пазіцыю: адправіў электронны зварот дэпутату сваёй выбарчай акругі, у якім яго заклікаў галасаваць супраць гэтага законапраекта, а таксама папрасіў праінфармаваць яго выбаршчыкаў аб пазіцыі па гэтым пытанні", — расказвае Еўрарадыё Іван Басуматораў, той самы выбаршчык.

Іван атрымаў на сваю электронную пошту пацвярджэнне з сайта Палаты прадстаўнікоў, у якім было сказана, што яго зварот будзе адпраўлены дэпутату. Але адказ хлопец атрымаў толькі 9 ліпеня, прычым не на e-mail, а на хатні адрас.

 

Белорусский депутат повторил эксперимент Стивена Хокинга

У канверце малады чалавек знайшоў тры аркушы: 

  1. Ліст, датаваны 28 чэрвеня, дзе маладога чалавека запрашаюць на сустрэчу з дэпутатам 4 ліпеня;
  2. Ліст ад 4 ліпеня, у якім гаворыцца, што пераслаць папярэдні ліст з запрашэннем па электроннай пошце не атрымалася з-за памылкі;
  3. Раздрукоўку скрыншота з "памылкай": электронны адрас нібыта напісаны некарэктна. 

На канверце ёсць штамп "Белпошты": ліст з запрашэннем на сустрэчу, якая прайшла 4 ліпеня, быў адпраўлены 5 ліпеня! Іван Басуматораў адчувае сябе падманутым, а ліст лічыць маніпуляцыяй, каб сысці ад адказу.

Аднойчы ў IT-краіне

Даведацца пазіцыю Пятра Салаўёва з нагоды рэзананснага законапраекта аб адтэрміноўках у Еўрарадыё не атрымалася: дэпутат у адпачынку. Аднак яго памочніца Вольга Сінякіна паспрабавала растлумачыць нам, што ў яе начальніка пайшло не так з электроннай поштай. Яна настойвае, што адправіць адказ у тэрмін не атрымалася з-за некарэктнага адраса, і нават прапанавала нам самім паспрабаваць напісаць па ім.
Забягаючы наперад, скажам, што Іван Басуматораў звязаўся з Еўрарадыё менавіта пры дапамозе электроннай пошты, адрас якой нібыта напісаны некарэктна. Сказаць дзякуй у адказ за перададзеную інфармацыю ў нас атрымалася.

Белорусский депутат повторил эксперимент Стивена Хокинга

"Адправіць гэты ліст я ніяк не магла"

Навошта ж адпраўляць запрашэнне на сустрэчу на наступны дзень пасля яе завяршэння?

Па словах Вольгі Сінякінай, ліст з запрашэннем быў адпраўлены разам з тлумачэннем пра тое, што адправіць яго па электроннай пошце не атрымалася, — як доказ таго, што з заяўнікам спрабавалі звязацца перш, чым адправіць яму папяровы ліст.

"Згодна з законам аб зваротах грамадзян на ліст, напісаны па электроннай пошце, адказ павінен быць адпраўлены менавіта па электроннай пошце. Але адправіць гэты ліст я ніяк не магла. Я знайшла нумар чалавека [Івана Басуматорава. — Еўрарадыё] па 109, спрабавала з ім звязацца па тэлефоне. Але, на жаль, не выйшла", — кажа памочніца дэпутата.

Не трэба вынаходзіць машыну часу 

Па словах Вольгі Сінякінай, яе начальнік ад адказу не сыходзіць. Выбаршчыка з пытаннямі, якія яго цікавяць, чакаюць "у любы час".

"Ваш чытач пражывае па адрасе Шміта, *, а прыёмная дэпутата знаходзіцца па адрасе Шміта, ** [суседнія дамы. — Еўрарадыё]. Яму дастаткова зрабіць два крокі і зайсці ў гэтую прыёмную ў любы час. Я знаходжуся на месцы штодня з 8 да 17 гадзін і ажыццяўляю прыём грамадзян", — запрашае Вольга Сінякіна.

Электронная пошта не працуе, па тэлефоне не выйшла, а машыну часу пакуль не вынайшлі. Каб звязацца з беларускім дэпутатам, застаецца стары правераны спосаб: ногі.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі