Беларуская сетка "Васількі" плануе адкрыць у Расіі каля 100 рэстаранаў

У Беларусі працуюць 15 рэстаранаў "Васількі" / holiday.by​
У Беларусі працуюць 15 рэстаранаў "Васількі" / holiday.by​

Сетка рэстаранаў беларускай народнай кухні "Васількі" плануе выйсці на расійскі рынак, піша "Коммерсант". У планах сеткі — адкрыць у суседняй краіне да 100 рэстаранаў. Мяркуецца, што для гэтага спатрэбіцца каля 100 мільёнаў долараў.

На першым этапе будуць адкрытыя тры ўстановы ў Маскве і Маскоўскай вобласці, расказаў выданню Булат Шакіраў, прэзідэнт девелапменцкай кампаніі. Ён выступае кансультантам па пошуку памяшканняў.  

Вольныя памяшканні на рынку ёсць — праз пандэмію рэстаранны бізнес у Расіі істотна пацярпеў, многія ўстановы грамадскага харчавання закрыліся. Эксперты па-рознаму ацэньваюць перспектывы "Васількоў" на расійскім рынку.

Адны кажуць, што патэнцыял ёсць. Беларуская кухня ў Маскве прадстаўленая не вельмі шырока, таму ў выпадку выбару правільнай стратэгіі і арганізацыі эфектыўнага кіравання бізнес можа мець добрыя перспектывы. Іншыя дапускаюць, што беларускія рэстаратары могуць быць не гатовыя да расійскіх рэалій — у прыватнасці, да абмежаванняў, якія пастаянна ўводзяць расійскія ўлады з прычыны пандэміі.

У Беларусі працуе 15 рэстаранаў "Васількі". За год яны абслугоўваюць больш за мільён гасцей. Уладальніцай бізнесу называюць Алму Яунцэмене, дачку літоўскага бізнесоўца Юозаса Будрыкаса. Ёй таксама належаць сетка супермаркетаў "Суседзі", піцэрыі "Тэмпа" і рэстараны паназіяцкай кухні Marumi.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі