Беларуская міліцыя выратавала сэксуальныя меньшасці ад гамафобаў

У міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, беларусы не засталіся абыякавымі да аховы правоў сексуальных меншасцяў і адзначылі гэты дзень прыватнай вечарынай (канцэртам у адным з рэстаранаў гораду). Праўда, за тое, каб трапіць на вечарыну і гасцям і арганізатарам прыйшлося натуральна пазмагацца.



Брэнд-менеджэр рэстарану Вольга расказала нам, што ў дзень канцэрту ёй патэлефанавалі і папярэдзілі, што магчыма будуць праблемы:

“Днём нас папярэдзілі супрацоўнікі КДБ, што перад канцэртам з’явіцца нейкая група людзей, якая будзе перашкаджаць нашым планам. Таму мы загадзя выклікалі міліцыю, і папрасілі іх быць побач на ўсялякі выпадак. Яны прыехалі і сапраўды былі побач. За гэта ім вялікі дзякуй, хаця я і не прывыкла казаць гэта міліцыі”.



За паўгадзіны да пачатку канцэрта вакол увахода ў рэстаран сабраліся людзі, якія не дазвалялі гасцям мерапрыемства трапіць на вечарыну. Нечаканыя візіцёры патлумачылі гэта тым, што “Беларусь — гэта іх дом, і яны гатовыя абараняць яго ад вычварэнцаў”.

Адзін з такіх маладых мужчын, які назваўся Аляксандрам, даў нам разгорнуты каментарый:

Мы лічым, што гэтае мерапрыемства прапагандуе маральнае разлажэнне нашага грамадства. У нас і так не вельмі добрая дэмаграфічная сітуацыя, таму мы, як актыўныя грамадзяне рэспублікі Беларусь, не хацелі б, каб наша краіна ператварылася ў поле дзейнасці рознага кшталту вычварэнцаў і хворых. Таму мерапрыемства не адбудзецца!

Еўрарадыё: Вы асабіста прынялі такое рашэнне — і кропка, так?


Аляксандр: Не мы, а беларускае грамадства! Вы запытайцеся ў грамадзян. 99,9% нашых людзей былі б супраць гэтага мерапрыемства. Вы гэта добра разумееце.

Еўрарадыё: Адкуль такая дакладная статыстык
а?

Аляксандр: Гэта вынікі нашых апытанняў. У нас кансерватыўнае, традыцыйнае грамадства. Большасць хрысціян. А гэта садомскі грэх. Так што, гэтым людзям, якія прыйшлі сюды, трэба лячыцца. Магчыма малітвамі!

Сярод гасцей вечарыны апынуўся сацыёлаг, які патлумачыў нам прычыны гамафобіі з пункту гледжання сацыялогіі і псіхааналізу:

“Калі параўноўваць постсавецкае і заходняе грамадства, то заходнія людзі пад уплывам псіхааналізу ўжо даўно ўсвядомілі сваю бісексуальнасць. Там Фрэйда ведаюць нават у дзіцячым садку.

А Фрэйд яшчэ на пачатку стагоддзя сказаў, што ўсе псіхічна бісексуальныя. У маленстве мы спачатку не ідэнтыфікуем сябе як мужчыну ці жанчыну. Мы полівалентныя. А ўжо потым гэта падаўляецца, пачынаецца сацыялізацыя… А калі ты расцеш у таталітарным грамадстве, то гэта зусім страшна.

А калі асноўная характарыстыка твайго грамадства —  гэта наяўнасць “гулагу”, у сэнсе, калі ты “скажаш лішняе, праявіш сабе, то цябе адправяць у турму і апусцяць”, то гэта зусім дрэнна.

Да таго ж, наша грамадства — пралетарскае. Без гамафобіі пралетарскай культуры не існуе. Гэта і іранічна і трагічна”.

Хутка да размовы паміж незадаволенымі існаваннем у Беларусі секс-меншасцяў і арганізатарамі вечарыны далучыліся супрацоўнікі міліцыі, мірна выдалілі першых і канцэрт пачаўся.

Сярод выступоўцаў былі гурты “КлёнДайк”, “Разбітае Сэрца Пацана”, “Жанна” і "Зюзька и Брунгильда".

Каця Пытлева (вакалістка гурта “КлёнДайк”, старшыня ініцыятыўнай групы па ахове грамадзянскіх правоў сексуальных меншасцяў “Лабрис”) нагадала ўсім, што міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй не выпадкова адзначаецца 17 траўня:

“Я віншую вас з той датай, якая стала сёння нагодай для канцэрту. Бо, менавіта сёння мы святкуем 20 год з таго моманту, калі гомасексуальнасць выключылі з рэестру псіхічных захворванняў. Пэўна, людзі, якія сёння стаялі наверсе, пра гэта проста не ведаюць”.





Гурт "Жанна"





Гурт "Зюзька и Брунгильда"







Гурт "Разбітае Сэрца Пацана"









Падчас канцэрту музыкі і слухачы звярталіся адзін да аднаго з віншаваннямі і словамі падтрымкі людзей, якія няўтульна адчуваюць сябе ў сучасным беларускім грамадстве з-за сваёй сексуальнай арыентацыі.

Некаторыя людзі звярнуліся і да нас, каб праз эфір і сайт Еўрарадыё данесці свае думкі наконт гамафобіі да вялікай колькасці людзей, бо яны лічаць, што гэта сапраўды сур’ёзная праблема. Ніжэй, вы знойдзеце некалькі відэа-зваротаў.



фота Аляксандра прадастаўлена Андрэем Кабанавым.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі