Беларуская апазіцыя зноў адчула на сабе ціск улады

Днямі былі вынесены папярэджанні тром партыям: Партыі камуністаў, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і жаночай партыі “Надзея”.

Нагадаем, што 17 снежня ў Чарнігаве прайшоў устаноўчы з’езд Саюзe левых партый Беларусі. Яго ўтварылі вышэй пералічаныя партыі.


Міністэрства юстыцыі вырашыла, што яны парушылі патрабаванні сваіх статутаў. Паводле чыноўнікаў, дзеючае заканадаўства забараняе палітычным структурам, зарэгістраваным ў Беларусі, арганізоўваць і праводзіць мерапрыемствы на тэрыторыі іншых дзяржаў.


Але сакратар ЦК Партыі камуністаў Алена Скрыган упэўненая што справа ў іншым, на яе думку, гэта чарговая спроба ўлады “закруць шрубкі” апазіцыі.


Алена Скрыган: “Разглядаліся матэрыялы канферэнцыі, праглядаліся ўсе дакументы. Я лічу, што шукаліся падставы, як іншым чынам зачапіць нас. Не знайшлі тых падставаў, і вось, вынеслі папярэджанне на падставе таго, што мерапрыемства праходзіла ў Чарнігаве”.


Падчас з’езду, акрамя падпісання дамовы аб стварэнні Саюзу левых партый, быў прыняты статут аб’яднання, праграмная заява і заява ў падтрымку экс-кандыдата ў прэзідэнты, лідэра БСДП (Грамада) Аляксандра Казуліна. Яго, дарэчы, абралі ганаровым старшынём саюза. На пытанне, ці з’яўляюцца дзеянні партый парушэннем закону, адказвае юрыст Юры Чавусаў


Юры Чавусаў: “Парушэнне закону я ў гэтым выпадку не бачу. Таму што закон пра палітычныя партыі дае права палітычным партыям наладжваць міжнародныя кантакты, прымаць удзел у міжнародных сустрэчах і гэтак далей. Але я таксама разумею і пазіцыю Міністэрства юстыцыі, якое сцвярджае, што правядзенне ўстаноўчага сходу новага аб’яднання за мяжой — гэта парушэнне.


На мой пункт гледжання, у Міністэрства юстыцыі былі падставы адмовіць у рэгістрацыі новастворанага саюза, на той падставе, што ён быў створаны за межамі краіны, але падставаў выносіць папярэджанне тым партыям, якія ўдзельнічалі ў стварэнні саюза, я не бачу”.


Прычынай правядзення з’езду ва Украіне стала адмова ў памяшканні на радзіме. Па словах прадстаўнікоў левых партый, яны не адзін раз дамагаліся дазволу на правядзенне гэтага мерапрыемства ў Беларусі. Фактычны кіраўнік БСДП(Г) Анатоль Ляўковіч лічыць дзеянні Міністэрства юстыцыі абсурднымі:


Анатоль Ляўковіч: “З аднаго боку, улада не дазваляе правесці ў нашай краіне канферэнцыю, а з другога боку — улада выносіць папярэджанне за тое, што яна не дазваляе нам яе тут праводзіць, і мы вымушаныя праводзіць яе ў Чарнігаве. Тое, што ўлада вынесла нам папярэджанне, гэта незаконна”.


Кіраўніцтва папярэджаных партый гатовае адстойваць свае правы. Кажа намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Аляксей Кароль:


Аляксей Кароль: “Мы яшчэ не збіраліся і не раіліся, але, хутчэй за ўсё, мы будзем абскарджваць гэтае папярэджанне, як вольную трактоўку артыкула “Закона аб партыях””.


Рэакцыя беларускай улады не стала нечаканасцю. Такое развіццё падзей не цяжка было прадугледзець. Беларуская апазіцыя за часы свайго існавання ўжо не раз сутыкалася з падобным ціскам.


Дык ці варта было распачынаць стварэнне Саюза левых партый, ведаючы магчымыя захады ўладаў? На гэтую тэму разважае палітвязень, прадстаўнік сацыял-дэмакратычнага руху Мікола Статкевіч


Мікола Статкевіч: “Я думаю, што гэта былі нейкія палітычныя разлікі, нават з разуменнем таго, што адбылося. Магчыма, гэта была рэкламная акцыя. Яны палічылі вартым заплаціць за яе, я маю на ўвазе — літаральна заплаціць вось такім папярэджаннем. А магчыма, яны проста не думалі, што будзе такая рэакцыя”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі