Беларускамоўнаму выкладчыку БДУ не працягваюць кантракт

Беларускамоўнаму выкладчыку БДУ не працягваюць кантракт

З выкладчыкам механіка-матэматычнага факультэта БДУ Аляксандрам Радынам не падаўжаюць кантракт, які заканчваецца 7 красавіка. Мужчына працуе ва ўніверсітэце уўжо 23 гады. 

"Да мяне падышлі перад заняткам і прынеслі паведамленне. Яно было без даты, таму я падпісаць адмовіўся, зрабіў заўвагу, што не аформлена належным чынам. Вырашыў супраціўляцца. У мяне стаўка з чвэрцю, ніхто яе ў сярэдзіне семестра не закрые. На мне вісяць завочнікі, чатыры групы беларускіх студэнтаў, туркмены, кітайцы", — распавёў "Нашай Ніве" Радына.

Прычыну звальнення выкладчыку не патлумачылі. Сам ён мяркуе, што звальняюць праз палітыку.

Радына кажа, што не хаваў свае адносіны да выбараў і гвалту, які ўчынілі сілавікі. На яго сталі складаць вымовы адну за другой: "Што я перашкаджаў весці заняткі, спрачаўся з ахоўнікамі, непрафесійна сябе паводзіў. У лютым напісалі кляўзу, што ў аўдыторыі, дзе ў мяне праходзілі заняткі, чулі лозунгі "палітычнай афарбоўкі" — вітанні "Жыве Беларусь!"

Выкладчык прызнаецца, што яму крыўдна пакідаць факультэт. Пагатоў, тут працаваў ягоны бацька, быў загадчыкам кафедры. Дарэчы, бацька Аляксандра Радыны быў у 1993-м адным з укладальнікаў і рэдактарам руска-беларускага матэматычнага слоўніка. Разам з байькам ён у 2010-м падрыхтаваў таксама польска-беларускі слоўнік матэматычных тэрмінаў. 

Пасля звальнення Аляксандр Радына хутчэй за ўсё пойдзе працаваць у ІТ-сферу.

За апошні тыдзень гэта ўжо другое звальненне выкладчыка БДУ. Як распавядала Еўрарадыё, пасля 15 сутак арышту быў звольнены выкладчык факультэта міжнародных адносін Дзяніс Тушынскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі