Вы тут

Беларуска ў Варшаве: назвала б кавярню STOP LUKA, але хутка стане неактуальна

Уваход у кавярню "not1984" у Варшаве / Еўрарадыё

Ганна Макевіч родам з Ліды. Пераехала ў Варшаву ў 2016 годзе — адна, без сяброў, знаёмых і родных. У Беларусі было добра, але хацелася жыць лепш. Занялася бізнесам: адкрыла адзін барбершоп, потым другі. Восенню адкрыла кавярню беларускай кухні з гаваркой назвай — "not1984".

Еўрарадыё сустрэлася з ёй і пагутарыла пра жыццё, пераезд, бізнес і беларусаў.

Мы сядзім у кавярні на вуліцы Jana Pawła. Пахне свежымі блінамі, павявае цяплом ад пліты. Памяшканне невялікае, але тут ёсць месца і для барнай стойкі, і для столікаў з крэсламі, якія расставяць пасля каранціну. Атмасфера хатняя: ціха іграе музыка, з кухні даносяцца гукі гатавання. У кавярні яшчэ засталіся святочныя чырвона-белыя паветраныя шарыкі, якія павесілі да адкрыцця кавярні.

Ганна Макевіч у кавярні "not1984" / Еўрарадыё

Еўрарадыё: Мы размаўляем у Варшаве. Раскажыце, як вы апынуліся тут?

Ганна Макевіч: Я скончыла гістфак БДУ. Але ўжо на першым курсе зразумела, што не буду працаваць у Беларусі. З высілкам, але я скончыла ўніверсітэт, не кінула. Потым я пайшла ў карпарацыю, кірунак — аддзел продажаў. Усё ішло нармальна: да 30 гадоў была кіраўніком дэпартамента продажаў па ўсёй Беларусі. Але сутыкнулася з тым, што выгарала.

Да ўсяго, агульная сітуацыя ў краіне пачала набіраць абароты. Чамусьці не хацелася, каб маё дзіця жыло ў такой краіне. Надзея яшчэ раней была, упачатку, дзесьці ў нулявых. Але потым пачаліся дзясятыя гады…

З'ехала ў 2016 годзе. Я неяк паехала на месяц у Польшчу і зразумела, што я не магу і не хачу і няма сіл чакаць, пакуль усё зменіцца. Падумала пра дзяцей і пра школу. Калі ты адзін, неяк прасцей. А калі пачынаеш думаць пра дзяцей, то пачынаеш глядзець на ўсё зусім па-іншаму.

Еўрарадыё: Што ў вас было на момант ад'езду?

Ганна Макевіч: Калі я пайшла з працы, мне было 30 гадоў, у мяне было дзіця. Была кватэра, машына, пасада і рэпутацыя. Але мне гэта не падабалася, я вырашыла працаваць рукамі і ў іншай краіне. Вывучылася на барбера.

Пайшла на першыя заняткі першага верасня. Запомніла на ўсё жыццё — дзеці ў школу, я таксама ў школу. І вось, атрымліваецца, 1 верасня 2015 года я пайшла вучыцца. У 2016 годзе, як толькі адвучылася, з'ехала. Як толькі атрымала дыплом, здала іспыт. Увесь гэты час я вучылася, восем месяцаў.

Паехала ў Варшаву, хоць думала спачатку ў Кракаў. Там цяплей — калі з Беларусі пераязджаеш, заўсёды хочацца ў цяпло. Але тата мне сказаў: "Дачка, едзь скараць сталіцу. З Мінска пераязджаць у маленькі горад?"

Барбер без барады

Еўрарадыё: Ці проста ўладкавацца ў Варшаве?

Ганна Макевіч: У мяне нікога тут не было: ні сваякоў, ні сяброў. Прыехала з дзіцем сюды адна, не ведаючы нікога. Да пераезду рыхтавалася — па Google Maps адкрывала ўсе раёны. На ютубе асабліва інфармацыі пра пераезд не было, я знайшла інфармацыю на фэйсбуку. А паколькі ў мяне юрыдычная адукацыя, я пачала "чытаць" і "разумець" закон. Праз інтэрнэт знайшла кватэру, пераканала гаспадыню, што я добранадзейная, нягледзячы на тое, што я з Беларусі, з дзіцем, без працы. Ну мне калі хочацца, то ў мяне абавязкова атрымаецца.

Інтэр'еры кавярні / Еўрарадыё

Еўрарадыё: Які шлях паміж "прыехала адна" і "адкрыла барбершопы"?

Ганна Макевіч: Я пачала ўладкоўвацца ў барбершопы. Мне здавалася, што ў Еўропе прыгажосць ідзе наперадзе Беларусі, але гэта была мая памылка. Тут у гэтым плане ўсё спазняецца, а ўсе навінкі ідуць з Беларусі, з Расіі, з Украіны. Польшча была на тым яшчэ ўзроўні, калі ў Беларусі ўсё толькі-толькі пачыналася.

Дзіўна, але ў Еўропе я сутыкнулася з сексізмам. У 2016 годзе ў Варшаве было восем ці дзесяць барбераў. Я прайшла ўсіх, а ўсе такія: "Ха-ха-ха, ты пра што?" Нават казалі такую фразу: "У цябе не расце барада, ты не ўмееш стрыгчы". Я пайшла ў звычайны салон, але працуючы ў звычайным салоне немагчыма ўтрымліваць кватэру, дзіця і сябе — ніякіх фінансаў не хопіць. І атрымалася класная гісторыя: мая гаспадыня салона папрасіла выйсці ў мой адзіны выхадны. Там выпадкова я сустрэлася з чалавекам, які прапанаваў адкрыць фірму: права легалізацыі. Так я стала сузаснавальнікам фірмы, атрымлівала 40 адсоткаў ад даходу. Але за год я вельмі моцна стамілася. І вось недзе праз паўтара года пасля прыезду я адкрыла барбершоп.

Еўрарадыё: Ці складана было?

Ганна Макевіч: Я не ведала, колькі гэта каштуе, у мяне не было чалавека, які б дапамог мне адкрыць бізнес. Палякі павольна адкрываюць бізнес, яны рабілі рамонт і казалі мне: "Так хутка, навошта?" Яны ўсё робяць вельмі павольна. Таму без ведаў і з памылкамі першы барбершоп абышоўся мне дорага. З будаўнікамі атрымалася дорага, зноў жа — "дзяўчына робіць бізнес", будаўнікі мяне не слухаюць. Куча нюансаў. Ну і першы год неяк было вельмі цяжка. Калі ты гэта ўсё цягнеш адна... Тупа не хапала часу. Вельмі доўга шукала каманду. У працэсе зразумела, што трэба вучыць іх самой. За ўвесь час навучыла самастойна чалавек трыццаць з нуля. Але затое набіла руку са стрыжкамі.

Другі барбершоп я адкрыла праз два гады — у 2019 годзе. І гэта было ў тры разы танней і ў тры разы хутчэй. Але пачалася пандэмія... Я якраз планавала адкрыць школу барбераў, і ўсё адно ў адно склалася, што ўсе грошы ўклала ў пашырэнне. А так барбершопы павінна было быць тры.

Еўрарадыё: Што дапамагала абыходзіць складанасці?

Ганна Макевіч: Мяне натхняла рэакцыя кліентаў на маю працу. Гэта тая прафесія, дзе ты атрымліваеш вынік сваёй працы адразу ж. Як называюць мяне кліенты — касметычны хірург. Я магу з дапамогай стрыжкі змяніць чалавека. Дадаць, зняць узрост, зрабіць іншую форму твару. Гэта ўсё адразу відаць. Гэта было класна для мяне.

Інтэр'еры кавярні / Еўрарадыё

Еўрарадыё: Як з сябрамі, знаёмымі?

Ганна Макевіч: Ужо праз некалькі гадоў жыцця аказалася так, што сяброў няма, а вось знаёмых шмат, якія ведаюць мяне ці якіх ведаю. Няма часу.

Еўрарадыё: Ці лічыце сябе паспяховым чалавекам?

Ганна Макевіч: Я лічу сябе рэалізаванай. Я не цаню поспех па марцы машыны, якая стаіць у гаражы. Кожны чалавек павінен рэалізавацца. Хтосьці ідзе ў рэалізацыю сябе: дзеці, спорт, іграе на інструментах. А хтосьці ідзе ў творчасць. І я лічу, што я паспяховая, таму што рэалізавала сябе ў брэндах.

Еўрарадыё: Як дачцэ даўся пераезд?

Ганна Макевіч: Яна прызвычаілася да звар'яцелай мамы, якая шмат працуе. Але ў цэлым ёй гэта не перашкодзіла інтэгравацца. Яна вельмі сумуе, і калі я пытаюся, куды паедзем, заўсёды адказвае — на вакацыі да дзеда. У траўні будзе пяць гадоў яе жыцця ў Беларусі і пяць гадоў жыцця тут. Але пераязджаць яна не хоча.

"not1984" — кавярня беларускай кухні пад БЧБ-сцягам

Еўрарадыё: Калі прыйшла ідэя адкрыць кавярню і чаму менавіта такую?

Ганна Макевіч: Адзін з кліентаў майго салона меў суму, хацеў укласці ў бізнес. Атрымліваецца, ён хацеў што-небудзь тыпу кавярні, тыпу кебабнай. Мы шукалі памяшканне, але атрымалася так, што не дамовіліся. І я вось сутыкнулася з тым, што ёсць ідэя, ёсць жаданне, але фінансавых магчымасцяў няма. Пачатковая сума ёсць, але няма поўнага кошту, каб пакрыць гэта ўсё. Я звярнулася да юрыстаў, яны сказалі — паспрабуй знайсці месца. Я знайшла гэта месца і вырашыла — гэта лёс. Мне хацелася, каб палякі даведаліся пра гэта месца, даведаліся пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Каб звярнуць на гэта ўвагу. Другое, мне хацелася, каб беларусы мелі ў Варшаве кавалачак чагосьці свайго.

Калі ты жывеш не ў сябе на радзіме, хочацца прыйсці ў кавярню і пагаварыць проста на сваёй мове. А не думаць пра тое "я жыву ў Польшчы, лепш размаўляць на польскай мове". А тут ужо калі паляк зойдзе, ён нічога не скажа на рускай, таму што тут беларуская кухня. Калі штосьці хочаце, дык размаўляйце на гэтай мове. І трэцяе, самае галоўнае — дапамога беларусам.

Інтэр'еры кавярні / Еўрарадыё

Еўрарадыё: У якім выглядзе дапамога?

Ганна Макевіч: Я вырашыла, што дзесяць адсоткаў ад агульнага даходу я накірую на дапамогу. Сёння якраз буду тэлефанаваць у гэтыя арганізацыі, каб атрымаць імя і прозвішча чалавека, які займаецца гэтым, каб перавесці грошы.

Еўрарадыё: У колькасным выражэнні якая гэтая дапамога?

Ганна Макевіч: Ну, у нас была маленькая выручка, насамрэч. Але каля тысячы долараў.

Еўрарадыё: Як перажываеце тое, што адбываецца ў Беларусі? Напэўна, адарваліся ад нашых рэалій за пяць гадоў у Польшчы.

Ганна Макевіч: Я таксама так думала. Сутычкі ў ліпені "тузалі", вядома, але не так моцна. "Тузалі" больш думкамі: "Добра, што з'ехала". Але калі ўсё здарылася ў жніўні... Я сама не чакала ад сябе... Я тыдзень практычна не спала, плакала. Я спала па дзве гадзіны максімум. І эмоцыя была — бесіць.

Еўрарадыё: Хто выбіраў дызайн кавярні?

Ганна Макевіч: Паколькі грошай было не так шмат, то мы рабілі ўсё сваімі рукамі. Муж, каманда з барбершопа — хто фарбаваў сцены, хто дапамагаў клеіць, хто раздрукоўваў фатаграфіі.

Еўрарадыё: Гэта маркетынгавы ход?

Ганна Макевіч: Гэта ўсё шчыра. Тут няма нічога такога. У самым пачатку я хацела назваць кавярню STOP LUKA, але мне тата сказаў, што такая назва праз год будзе неактуальная, давядзецца мяняць.

Меню кавярні / Еўрарадыё

Еўрарадыё: У чым сэнс назвы "not1984"?

Ганна Макевіч: Гэта алегорыя на назву кнігі Джорджа Оруэла "1984". А ў нас атрымліваецца проціпастаўленне гэтаму, маўляў, у Беларусі гэта максімальна набліжана да сюжэта кнігі, а тут свабода і ўсё добра. Гэта значыць, там "Big brother is watching you", а на нас Лукашэнка ўжо не будзе глядзець. Такая надзея, усё будзе добра.

Еўрарадыё: Я чуў, што вы дапамагаеце з працай беларусам, якія з'ехалі.

Ганна Макевіч: У адным з барбершопаў у мяне каманда толькі беларусаў, у кавярні толькі беларусы, а ў другім барбершопе працуюць толькі палякі. У кавярні працую людзі, якія з'ехалі з Беларусі. У барбершопе працуе майстар, які быў затрыманы. Ён прыйшоў на сумоўе — я бачу, што ён добры майстар, але быў трохі страчаны. Я яшчэ не ведала ўсёй гісторыі, думаю, беларус — клас, але нейкі на стрэсе. А потым даведалася, што яго затрымалі, ён уцёк. Я бачыла, як ён месяца паўтара прыходзіў да прытомнасці, адтаваў сярод беларусаў. Ён не мог на месцы праседзець і хвіліны.

Еўрарадыё: Як жыве кавярня ў часы пандэміі?

Ганна Макевіч: Цяжка было ў студзені. Была адна думка — каб хутчэй знялі каранцінныя абмежаванні. Таму што хацелася, каб беларусы прыходзілі і працавалі тут. Хочацца рабіць тусоўкі закрытыя для беларусаў. Хочацца стварыць клімат, каб беларусы маглі прыйсці на кубачак кавы, папрацаваць. Калі будзе такая магчымасць, я сама буду сядзець і працаваць тут. Хочацца паслухаць людзей, паслухаць гісторый, каб зразумець, каму патрэбна дапамога.

Еўрарадыё: Кавярня знаходзіцца не ў цэнтры, чаму гэта лакацыя?

Ганна Макевіч: Я выбірала гэты раён, каб было недалёка да маіх барбершопаў, да іх можна дайсці пешшу. Ну і да ўсяго, ён ціхі і добры. Часта чую ад кліентаў, што сюды добра дабірацца з любога месца.

Еўрарадыё: Калі вы былі ў Беларусі апошні раз?

Ганна Макевіч: Я была там больш за два гады таму. Прыехала на вяселле да пляменніка і адразу з цягніка паехала туды. У канцы другога дня села на цягнік і паехала назад.

Еўрарадыё: Сумуеце?

Ганна Макевіч: Ну, неяк так атрымалася, што праз мяне праходзіў кругаварот беларусаў, так што няма часу сумаваць. А вось з жнівеньскімі падзеямі я неяк так.

Еўрарадыё: Вяртацца ў Беларусь плануеце?

Ганна Макевіч: Я заўсёды хацела так: да 40 гадоў рэалізавацца прафесійна, забяспечыць стабільны даход. А потым пасля 40 гадоў ездзіць і глядзець свет.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.