Беларусам падказалі, як адказаць на пытанне пра родную мову

Без падказкі мінулым разам яны выбралі на 82% беларускую. Пытанне пра родную мову падчас перапісу будзе гучаць так: “Вашая родная мова (мова, засвоеная першай у раннім дзяцінстве)?” У Мінстаце сцвярджаюць, што пытанне карэктнае і пастаўленае згодна з методыкай, распрацаванай ААН.

Кандыдат філалагічных навук Юрась Бушлякоў мяркуе, што такая методыка для нашай краіны не падыходзіць. Перш за ўсё таму, што большасць беларускамоўных людзей пачалі размаўляць па-беларуску ў сталым узросце.

Юрась Бушлякоў: “Тое ўдакладненне, якое прапанавалі арганізатары беларускага перапісу, яны патлумачылі тым, што арыентуюцца на метадалогію Арганізацыі Аб’яднаных Нацый: нібыта трэба удакладняць, што родная мова — гэта тая мова, якую людзі першую засвоілі ў дзяцінстве. Гэтая падказка можа перашкодзіць чалавеку ў той сітуацыі, калі ён ідэнтыфікуе сябе як беларуса, з усімі атрыбутамі беларускасці, але гэтыя атрыбуты беларускасці ён набываў на працягу свайго жыцця, калі яны не прышлі з калыскі. У гэтым сэнсе можна пагадзіцца, што такое ўдакладненне, у беларускім кантэксце, яно дэзарыентуе”.

Аднаго пытання “вашая родная мова?” у беларускай сітуацыі проста не дастаткова, лічыць кандыдат філасофскіх навук, дацэнт, сурэдактар часопісу “Топас” Вольга Шпарага. Для таго, каб пачуць паўнавартасны адказ, які будзе адлюстроўваць рэальную моўную сітуацыю ў нашай краіне, трэба улічваць шмат фактараў і на іх падставе фармуляваць пытанні.

Вольга Шпарага: “У выпадку такога апытання пытанне павінна быць зададзенае больш комплексна. Гэтым адным пытаннем мы не можам вычарпаць пытанне “якая мова з’яўляецца роднай?”. Мы не можам не ўлічваць гістарычнай і культурнай сітуацыі, якая склалася ў Беларусі. То бок, гэтую гісторыю з "дэбеларусізацыяй", адрыў ад гістарычнага кантэксту, звязанага з беларускай мовай. І калі мы яго улічваем, то беларуская мова з’яўляецца роднай для тых, хто прыняў яе ўжо ў сталым узросце”.

Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы, са спадарыняй Шпарагай не згаджаецца. Паводле яго меркавання, дзеля аб'ектыўнага адлюстравання моўнай сітуацыі ў Беларусі не трэба вынаходзіць ровар, не трэба ніякія комплексныя пытанні, а тым больш — тлумачэнні, што азначае родная мова. Усяго толькі трэба задаць пытанне так, як яно гучала на папярэднім перапісу.

Алег Трусаў: “Родная мова — яна не выпадкова называецца матчына мова. І да роднай мовы чалавек можа вярнуцца на пенсіі, напрыклад. Не абавязкова ў дзяцінстве на ёй гаварыць”.

Але якая б ні была фармулёўка, кожны чалавек павінен сам для сябе адказаць на пытанне, якую мову ён лічыць роднай. Толькі пасля гэтага мы будзем мець праўдзівыя звесткі пра тое, колькі нашых суайчыннікаў лічыць роднай беларускую мову, кажа Юрась Бушлякоў.

Юрась Бушлякоў: “Я б не рабіў драмы з такіх фармулёвак. Такія фармулёўкі, несумненна, нам толькі дапамогуць больш ясна і праўдзіва ўбачыць моўную карціну ў Беларусі. Бо, з аднаго боку, мы прывыклі да гэтай сімвалічнай функцыі беларускай мовы, якая, уласна, адлюстроўваецца ў паказчыках, калі мы гаворым пра тыя 75-80 працэнтаў людзей Беларусі, якія называюць беларускую мову сваёй роднай. З другога боку, для таго, каб разумець, якія перад намі стаяць задачы, якая рэальнасць — несумненна трэба апераваць сапраўднымі лічбамі. Не варта сябе расхалоджваць і не варта сябе ўводзіць у зман лічбамі, якія не адпавядаюць рэальнасці”.

Адзначым, што падчас мінулага перапісу 81,9% насельніцтва нашай краіны назвалі беларускую мову роднай.

Фота: belta.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі