Вы тут

Беларусь выступае за ўвод на Данбас міратворцаў і падключэнне да перамоў ЗША

Фота: sb.by

Беларусь выступае за ўвод на Данбас міратворцаў і падключэнне да перамоў ЗША. Пра гэта ў інтэрв’ю расійскай газеце “Известия” заявіў міністр замежных спраў нашай краіны Уладзімір Макей. Ён нагадаў пра значэнне Мінскіх дамоўленасцяў, якія дапамаглі спыніць вайну і праліццё крыві. Аднак цяпер патрэбныя дадатковыя крокі.

“Мы не гонімся за нейкімі лаўрамі, — кажа Макей. — Але гэта канфлікт у нашым рэгіёне, у нашай сям’і. У прамым сэнсе слова. Таму дадатковым спосабам дапамагчы канфліктуючым бакам можа стаць увод у Данбас міратворцаў — зразумела, у тым ліку і беларускіх”.

Міністр нагадаў, што з такой прапановай яшчэ ў 2014-м выступаў Аляксандр Лукашэнка. Як прапаноўваў і пашырыць фармат перамоў, падключыць зацікаўленыя дзяржавы, у тым ліку і ЗША. Макей нагадаў словы вядомага савецкага дыпламата, ураджэнца Беларусі Андрэя Грамыкі: “Лепш дзесяць гадоў перамоў, чым адзін дзень вайны”.

Пра тое, што Беларусь гатовая адправіць сваіх міратворцаў на Данбас, Макей заявіў у лістападзе 2017 года падчас сустрэчы з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым: “Мы гатовыя выдзяліць адпаведны міратворчы кантынгент, калі гэта будзе прыймальна ўсім зацікаўленым бакам”. Упершыню пра гэта яшчэ ў 2014-м заяўляў Аляксандр Лукашэнка. Праўда, у канцы таго года ён так пракаментаваў паведамленні СМІ пра магчымы ўдзел беларускіх вайскоўцаў у міратворчых місіях: “Калі нашы вайскоўцы ў якасці міратворцаў кудысьці паедуць, то я першы туды паеду, каб яны ведалі. І мой старэйшы сын, які сёння займаецца гэтымі праблемамі, таксама там будзе”.

У мінулым годзе беларускія міратворцы былі толькі ў Ліване (10-15 чалавек). Расія хацела іх бачыць у Сірыі, але беларусаў туды ў якасці міратворцаў не адпраўлялі. Вядома, што ў Віцебску ў складзе сіл спецыяльных аперацый ёсць міратворчая рота.