Вы тут

Беларус Вадзім Стральцоў заваяваў “бронзу” на ЧЕ па цяжкай атлетыцы

БЕЛТА

Беларус Вадзім Стральцоў заваяваў “бронзу” на чэмпіянаце Еўропы па цяжкай атлетыцы, які праходзіць у Батумі. Спартсмен выступаў у дваябор’і ў вагавай катэгорыі да 102 кг. У суме двух практыкаванняў Стральцоў паказаў вынік 376 кг (170 у рыўку і 206 у штуршку).

Залаты медаль дастаўся ўкраінцу Дзмітрыю Чумаку (391 кг), а сярэбраная ўзнагарода — Самвелу Гаспарану з Арменіі (377 кг).

Такім чынам, беларускія атлеты заваявалі на гэтым турніры ўжо 7 узнагародаў у дваябор’і. Залатыя медалі ў Генадзя Лапцева (да 61 кг), Дар’і Навумавай (да 76 кг) і Яўгена Ціханцова (да 96 кг). Сярэбраны медаль у Пятра Асаёнка (да 81 кг), бронзавыя ўзнагароды ў Юліі Асаёнак (да 45 кг) і Вадзіма Ліхарада (да 73 кг).

Сёння, 13 красавіка заключны дзень чэмпіяната Еўропы. Выступяць яшчэ двое прадстаўнікоў беларускай зборнай — Андрэй Арамнаў (да 109 кг) і Эдуард Зязюлін (болей за 109 кг).