Вы тут

Беларусь толькі на акцызах без імпарту паліва з Расіі губляе $50 млн у год

Запраўка "Белнафтахіма" / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё​

Адмена паставак расійскага паліва ў Беларусь з-за "растваральных" схем прывяла да страт для беларускага бюджэту на акцызах на маторнае паліва. Пра гэта сведчаць дадзеныя эканамічнага аглядальніка Дзмітрыя Івановіча з бюджэту Беларусі, якія ён атрымаў ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай.

У 2017 годзе паступленні ў бюджэт ад акцызаў на імпартуемае з Расіі аўтамабільнае паліва склалі 169,3 млн руб. За 2018 год дадзеныя ў адкрытым доступе адсутнічаюць, аднак, як паведаміў Еўрарадыё Дзмітрый Івановіч, у мінулым годзе бюджэт атрымаў ад паліўных акцызаў 93,4 млн рублёў (па разліковай ацэнцы).

У першым паўгоддзі 2018 года Беларусь штомесяц ўвозіла з Расіі каля 300-400 тыс. тон нафтапрадуктаў, у кастрычніку было ўжо 115,5 тыс. тон, а ў лістападзе і зусім стала 24,3 тыс. тон.

Са снежня 2018 года пастаўкі ў Беларусь расійскага аўтабензіну, дызельнага паліва і мазуту спыніліся цалкам. Абмежаванні Расія ўвяла з-за страт свайго бюджэту ў сувязі з магчымым рээкспартам нафтапрадуктаў з тэрыторыі Беларусі.

Як вынік, у праекце бюджэту на 2019 г. паступленні ад акцызаў на расійскае паліва не прадугледжаныя зусім. А значыць, Беларусь толькі ў параўнанні з 2018 годам страціць на паліўных акцызах амаль 50 мільёнаў долараў. У наступныя гады, калі Расія не здыме абмежаванні, паступленняў ад акцызаў таксама не будзе.

Раней Беларусь імпартавала паліва з Расіі і прадавала яго ўнутры краіны, а вырабленыя на сваіх НПЗ нафтапрадукты прадавала на экспарт і атрымлівала за гэта экспартную пошліну ў свой бюджэт. З канца 2019 года, згодна з падпісаным 10 кастрычніка 2018 года пратаколам аб унясенні змяненняў у пагадненне аб мерах па ўрэгуляванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў, Беларусь можа імпартаваць з Расіі толькі тыя нафтапрадукты, якія не вырабляюцца ў рэспубліцы.