Беларусь, Расія і Казахстан дамовіліся пра ўмовы стварэння Мытнага саюза

Стварэнне Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана павінна павысіць эфектыўнасць і канкурэнтаздольнасць нацыянальных эканомік. Пра гэта заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прэзідэнтамі Расіі і Казахстана Дзмітрыем Мядзведзевым і Нурсултанам Назарбаевым. Па словах Лукашэнкі, якія пераказвае БЕЛТА, стварэнне Мытнага саюза павінна забяспечыць уцягванне дзяржаваў у сусветныя эканамічныя і палітычныя працэсы, павысіць эфектыўнасць і канкурэнтаздольнасць нацыянальных эканомік, прывесці ў канчатковым выніку да паляпшэння дабрабыту краін.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што шэраг рашэнняў з'яўляюцца вельмі адчувальнымі для беларускага боку "і не ва ўсім нясуць пазітыўны поспех". Маецца на ўвазе павышэнне да расійскага ўзроўню пошлінаў на ўвоз легкавых аўтамабіляў з Заходняй Еўропы.

Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею на тое, што сігналы аб тым, што некаторыя партнёры Беларусі не настроеныя на справе даказваць сваю прыхільнасць да кампрамісаў і гнуткасці пры рашэнні агульных праблем, з'яўляюцца беспадстаўнымі.

Адкрываючы паседжанне Міждзяржсавета ЕўрАзЭС, Лукашэнка паведаміў, што Беларусь, Расія і Казахстан дамовіліся з 1 ліпеня 2010 года стварыць адзіную мытную прастору ў рамках Мытнага саюза і рухацца ў напрамку адзінай эканамічнай прасторы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі