Беларусь павысіла пошліну, каб прымусіць Пуціна патэлефанаваць

"Транснафта" адмовілася падпісваць прапанаванае беларускім бокам дадатковае пагадненне аб павелічэнні тарыфаў на транспарціроўку нафты па беларускіх магістральных трубаправодах. Дакумент вярнулі без падпісання, паколькі беларускі бок парушае дзейсную методыку ўзгаднення тарыфаў, заявіў прадстаўнік "Транснафты", саветнік прэзідэнта кампаніі Ігар Дзёмін. Расійскі бок называе павышэнне тарыфаў "неймаверным" і пагражае судом. Разбіраемся, што ўсё гэта значыць.

 

У чым праблема?

28 верасня пастановай Мінгандлю Беларусь падвысіла пошліну за транспарціроўку расійскай нафты па нашай тэрыторыі на 50%. Дакумент набывае моц 10 кастрычніка. Расіяне, як яны сцвярджаюць, пра гэта даведаліся са СМІ. Афіцыйных тлумачэнняў такога ўчынку з боку нашага Мінгандлю пакуль няма. Неафіцыйна эксперты кажуць пра крок у адказ на зніжэнне паставак расійскай нафты (расіяне такім чынам нам помсцяць за адмову плаціць за газ). З пачатку "газавай вайны" мы ўжо недалічыліся больш за пяць мільёнаў тон нафты.

 

Хто мае рацыю?

У беларуска-расійскіх спрэчках разабрацца бывае няпроста, але тут, здаецца, праўда за суседзямі. Аднабакова па ўласным жаданні мяняць тарыфы нельга. Толькі робім мы такое не першы раз. Дзесяць гадоў таму, у студзені 2007-га Беларусь ўжо самавольна падымала тарыфы. Тады справа скончылася тэлефоннай размовай Лукашэнкі і Пуціна, амаль імгненнай адменай пошліны і паездкай беларускага прэм'ера ў Маскву.

Значэнне мае не кошт на нафту, не кошт на газ, а менавіта аб'ём перапрацоўкі нафты ў Беларусі. І гэта добра бачна, калі паглядзець на дынаміку ВУП з ліпеня, калі пачаліся праблемы з пастаўкамі... Вельмі добра бачна, як зніжэнне аб'ёмаў паставак расійскай нафты уплывае на дынаміку ВУП. Па месяцах бачна. Няма ў нас большай залежнасці. У гэтым сэнсе нафтавая галіна ― ключавая для нас... Калі зніжэнне паставак нафты захаваецца, то ўсе нашы планы на большы, альбо меншы эканамічны рост будуць нерэалістычнымі

Эканаміст Сяргей Чалы

Ці пражывем мы без павышанай пошліны на транзіт нафты?

Пражывем, куды дзенемся. У бюджэце на 2017-ты год яна і не прадбачылася. Праўда, грошай у нас зусім няма. Нават трыста мільёнаў доўгу за расійскі газ знайсці не можам. У 2010-м у падобнай сітуацыі разлічыцца з расіянамі дапамог азербайджанскі сябра Аліеў. Цяпер, відаць, Азербайджану не да беларусаў ― нізкія кошты на нафту моцна ўдарылі па фінансавай незалежнасці Баку.

 

Што можа быць далей?

Тут некалькі варыянтаў. Па-першае ― суд. Судзіцца, хутчэй за ўсё, Беларусь і Расія будуць у судзе ЕАЭС на вуліцы Кірава ў Мінску. Цікава было б паглядзець.

Другі варыянт ― вырашэнне праблемы па-ціхаму, як у мінулы раз. Падчас тэлефоннай размовы альбо асабістай сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі.

 

А калі не дамовяцца?

Тады ўсё будзе залежаць ад дзеянняў Расіі. Усходнія суседзі маюць моцны аргумент ― зніжэнне паставак нафты. Калі яны працягнуць ім карыстацца, то ўсім беларускім планам па ўздыманні з кален надыдзе поўны швах. "Значэнне мае не кошт на нафту, не кошт на газ, а менавіта аб'ём перапрацоўкі нафты ў Беларусі. І гэта добра бачна, калі паглядзець на дынаміку ВУП з ліпеня, калі пачаліся праблемы з пастаўкамі... Вельмі добра бачна, як зніжэнне аб'ёмаў паставак расійскай нафты уплывае на дынаміку ВУП. Па месяцах бачна. Няма ў нас большай залежнасці. У гэтым сэнсе нафтавая галіна ― ключавая для нас... Калі зніжэнне паставак нафты захаваецца, то ўсе нашы планы на большы, альбо меншы эканамічны рост будуць нерэалістычнымі", ― кажа эксперт Сяргей Чалы.

 

Навошта мы тады дражнім Крэмль?

Не зусім дражнім. Беларусь можа спадзявацца на тое, што прыняцце рашэнняў у Расіі адбываецца па куды больш складанай схеме, чым у нас. Таму прастора для манеўраў яшчэ ёсць. "Не думаю, што ў Расіі ёсць адзін цэнтр прыняцця рашэнняў. Камерцыйныя інтарэсы, інтарэсы урада, інтарэсы адміністрацыі прэзідэнта ― яны ўсе крыху адрозніваюцца. Гэтае павышэнне коштаў нам не прынясе нейкіх вялікіх прыбыткаў. Мы атрымліваем за транзіт расійскай нафты каля 160 мільёнаў долараў. Плюс 50% ― гэта менш за сто мільёнаў. Думаю, гэтае павышэнне тарыфаў накіраванае на тое, каб узарваць сітуацыю, зрушыць яе з мёртвай кропкі. Калі на ўзроўні урадаў, віцэ-прэм'ераў, прэм'ераў вырашыць сітуацыю не атрымліваецца, то гэта такі спосаб прымусіць Пуціна пайсці на палітычныя перамовы. Гэта падобна на тое, як сам Пуцін авантурай у Сірыі спрабуе прымусіць размаўляць з ім Абаму. Гэта вельмі падобная сітуацыя", ― кажа Сяргей Чалы.

 

Так што, чакаем званка з Масквы. Калі успомніць пра мінулыя нафта-газавыя войны з Крамлём, то пазваніць Пуцін павінен яшчэ на гэтым тыдні.

Кароткая гісторыя беларуска-расійскіх нафтагазавых войнаў

Еўрарадыё сабрала самыя вострыя гісторыі і склала агульны лік перамог і параз.