Беларусь і Расія дамовіліся пра узаемнае прызнанне штрафаў за парушэнне ПДР

Работнік ДАІ / vhate.by

Беларусь і Расія дамовіліся пра узаемнае прызнанне, а таксама выкананне дакументаў па парушэннях правілаў дарожнага руху. У гэтым новаўвядзенні ёсць свае нюансы.

Напрыклад, дакумент прадугледжвае выплаты штрафаў за перавышэнне хуткасці, якія аўтаматычна зафіксаваныя на фота- або відэакамеры. Матэрыялы аб парушэннях правілаў у Расіі і ў Беларусі будуць мець аднолькавую юрыдычную сілу.

Штрафы будуць разлічвацца ў мясцовай валюце па курсе Нацбанка Беларусі і Цэнтрабанка Расіі на дату адпраўлення дадзеных аб парушэнні. Сума спагнання будзе акругляцца да поўнага рубля ў бок змяншэння. Пры гэтым абскардзіць рашэнне аб пакаранні можна будзе ў той дзяржаве, дзе яно было прынята.

У правілах ёсць выключэнні. Напрыклад, спагнання не будзе, калі працэс нясе пагрозу суверэнітэту, бяспецы, публічнаму парадку або іншым істотным інтарэсам краін, а таксама калі запыт не адпавядае фармальным патрабаванням, у тым ліку складзены не на рускай мове.

Як паведамляюць "Минск-Новости", дакумент быў падпісаны яшчэ ў верасні 2022 года. Ён уступіць у сілу, калі Беларусь і Расія яго ратыфікуюць, і адзін з бакоў атрымае апошняе пісьмовае паведамленне пра гэта.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.