Вы тут

Беларусь бярэ ў Кітаі крэдыт на $500 млн

Банк развіцця Кітая / www.caixinglobal.com

Беларусь дамовілася з Кітаем на крэдыт у 3,5 млрд юаняў, што па цяперашнім курсе складае крыху больш за $500 млн. Пазыка будзе прыцягнутая да канца 2019 года, гэта значыць за бліжэйшыя два тыдні.

Сродкі будуць выкарыстаныя для пагашэння і абслугоўвання знешняга дзяржаўнага доўгу, падтрымання золатавалютных рэзерваў і для двухбаковага гандлю.

Крэдыт разлічаны на пяць гадоў. Гэта вынікае з указу Аляксандра Лукашэнкі №455, падпісанага і апублікаванага на Нацыянальным прававым партале 13 снежня. Кіраўнік Беларусі ўхваліў ім праект "Пагаднення аб прадастаўленні тэрміновага крэдыту на суму 3,5 млрд кітайскіх юаняў паміж Беларуссю і Шанхайскім філіялам Банка развіцця Кітая".

Пра тое, што Міністэрства фінансаў Беларусі працуе над прыцягненнем сродкаў з Кітая, стала вядома ў жніўні 2019 года. У той час урад Беларусі разлічваў прыцягнуць $630 млн крэдыту з Расіі, аднак у Крамлі гэты і іншыя будучыя пазыку вырашылі "звязаць" з "паглыбленнем інтэграцыі". Тады наш Мінфін стаў рыхтавацца замясціць расійскія крэдыты іншымі крыніцамі, у тым ліку з дапамогай Банка развіцця Кітая.

На 1 лістапада 2019 года знешні дзяржаўны доўг Беларусі складаў $16,5 мільярдаў, ці 26,7% ад ВУП краіны.

Указ аб прыцягненні кітайскага крэдыта / pravo.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.