Беларусь адзначае Дзень Незалежнасці

3 ліпеня Беларусь адзначае Дзень Незалежнасці і 65-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Афіцыйныя імпрэзы пачаліся напярэдадні.
2 ліпеня ў Палацы Рэспублікі прайшоў ўрачысты сход з удзелам вышэйшых службовых асоб і цырымонія ўскладання вянкоў да манумента Перамогі ў Мінску. Сёння ў 11.30 на праспекце Машэрава пачнецца вайсковец парад, на якім будзе прадстаўленая сучасная ваенная тэхніка і тэхніка часоў Другой сусветнай вайны. Затым пройдзе тэатралізаванае спартова-моладзевае шэсце.

З 13.00 да 19.00 на пляцоўцы каля Палаца спорту будзе арганізавана святочная канцэртная праграма.

З 21.00 да 2.00 каля стэлы "Мінск — горад-герой" адбудзецца святочны гала-канцэрт з удзелам артыстаў беларускай і расійскай эстрады.

У 23.00 будзе дадзены святочны салют на шасці сталічных пляцоўках: каля стэлы "Мінск — горад-герой"; на пустцы ў раёне вуліцы Кунцаўшчына; на пустцы паміж вуліцамі Гарэцкага і Панамарэнкі; на набярэжнай Чыжоўскага вадасховішча ў парку 900-годдзя Мінска; на пустцы ў раёне Дома міласэрнасці (мікрараён Усход); у ваенным мястэчку Ўручча.

Святочныя мерапрыемствы ў горадзе працягнуцца 4 ліпеня.

Па звестках гарвыканкама, на імпрэзы запрошаныя 15 замежных дэлегацый, у тым ліку з Нямеччыны, Вялікабрытаніі, Францыі, Польшчы, Латвіі, Арменіі, Кыргызстана, Малдовы, Расіі.

Месцы масавых мерапрыемстваў будуць агароджаныя турнікетамі-металашукальнікамі. На свята не будуць пускаць асоб у стане алкагольнага і наркатычнага ап'янення, а таксама са спіртнымі і ахаладжальнымі напоямі ў шкляной і пластыкавай тары аб'ёмам больш за 0,5 літра.

БелаПАН