Байкатаваць выбары для ЛДПБ не выгадна, а для дэмакратаў – дорага

Анатоль Лябедзька катэгарычна супраць байкоту выбараў, бо гэта пазбавіць яго магчымасці “працаваць” з выбаршчыкам. Мікола Статкевіч кажа, што ў апазіцыі на байкот няма грошай. А Сяргей Гайдукевіч упэўнены: байкот -- гэта калі на выбары не пойдзе Гайдукевіч.

Пасля жорсткага разгону праваахоўнымі органамі арганізаванага апазіцыяй шэсця з нагоды 90-х угодкаў з дня заснавання БНР і ўзмацнення ціску на журналістаў незалежных СМІ з’явіліся чуткі, што апазіцыя плануе байкатаваць выбары ў Палату прадстаўнікоў. Але, як стала вядома Еўрарадыё, сапраўднага байкоту з боку тых палітычных партыяў, якія раней заявілі пра свой у іх удзел, не будзе.


Па словах аднаго з кіраўнікоў Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Анатоля Лябедзькі, і партыйныя актывісты, і звычайныя выбаршчыкі ўспрымаюць слова “байкот” толькі як заклік нічога не рабіць увогуле. Апазіцыі ж жыццёва неабходна “папрацаваць” з насельніцтвам, нагадаць аб сваім існаванні.


Анатоль Лябедзька: “Мы катэгарычна супраць рознага роду байкотаў. Таму, што байкот – гэта ляжаць на канапе і нічога не рабіць, а для нас у сённяшняй сітуацыі, калі 2\3 людзей гарантавана з’яўляюцца “апазіцыяй кухні”, нам вельмі важна з ёй папрацаваць. А выбары -- гэта можна рабіць праз выбарчую кампанію, якая стварае дадатковыя магчымасці для такой працы”.


Палітык кажа, што іх кандыдаты пройдуць перадвыбарчы марафон да канца. Але пакідаюць за сабой права сыйсці з дыстанцыі ў самы апошні момант.


Анатоль Лябедзька: “Мы пакідаем за сабой права за некалькі дзён да галасавання зняць усе 110 кандыдатаў у дэпутаты з адзінага спісу. Калі мы ўбачым, што ствараюцца хоць невялічкія магчымасці мінімальна кантраляваць падлік галасоў, то мы пройдзем усю выбарчую кампанію да канца”.


Але, як патлумачыў Еўрарадыё кардынатар “Еўрапейскай кааліцыі” і стваральнік “Еўрапейскага спісу” кандыдатаў у дэпутаты Мікола Статкевіч, нежаданне апазіцыйных палітыкаў байкатаваць выбары матывуецца проста – у іх няма на гэта грошай.


Мікола Статкевіч: “Байкот – гэта абвешчаная параза. А, акрамя таго, дарагоўля. Мы ж не дзеці і разумеем, што палітыка гэта грошы. А пры нашых, нават сказаць сціплых – гэта нічога не сказаць, фінансавых рэсурсах, бо ўнутранае фінансаванне ў апазіцыі амаль што немагчымае, гэта ўвогуле непад’ёмная задача”.


Для лідэра беларускіх лібералаў Сяргея Гайдукевіча пытанне грошай у сітуацыі з магчымым байкотам не стаіць. Не таму, што іх у партыі шмат. Галоўны золата-валютны запас лібералаў -- гэта асоба самаго Сяргея Гайдукевіча. А яна заўсёды ў наяўнасці. Пытанне ў тым, што ЛДПБ і асабіста лідэру партыі байкот не выгадны. Хутка, у 2010 годзе, сцвярджае ён, будуць чарговыя прэзідэнцкія выбары. І яму трэба піярыцца ўсімі магчымымі сродкамі.


Сяргей Гайдукевіч: “Кажучы пра нейкі байкот, неабходна ўдакладняць – хто гэта будзе рабіць? Якія палітычныя сілы? І я адразу кажу – калі б ЛДПБ байкатавала, то гэта больш чым сур’ёзна. Але ў мяне прэзідэнцкая кампанія! Выбаршчыкі чакаюць! Мне патрэбныя вельмі важкія прычыны, каб не ісці на выбары”.


Па яго словах, ён другі чалавек сярод палітыкаў па пазнавальнасці пасля Лукашэнкі. І адмовіць выбаршчыкам бачыць сябе падчас перадвыбарнай кампаніі ён не можа. Праўда, не выключае таго, што ў жыцці ўсё здараецца, і ён можа аб’явіць выбарам байкот. Але што для гэтага павінна адбыцца, патлумачыць адмовіўся.


Палітык сцвярджае, што для арганізацыі байкоту ніякіх грошай не патрэбна. Дастаткова адмовіцца ад удзелу ў выбарах яго партыі.


Сяргей Гайдукевіч: “Калі на імгненне ўявіць, што ЛДПБ не будзе ўдзельнічаць, тады гэта байкот. Не будзе ж, да прыкладу, БРСМ казаць, што яны ўдзельнічаюць?! Ну і што?! Гэта нікому не цікава. Мы пра іх чуем, толькі калі нейкую акцыю па тэлевізары паказваюць. Той, хто кажа, што для байкоту патрэбныя грошы, нічога не разумее”.


Палітолаг Аляксандр Фядута лічыць, што акрамя грошай, байкот вымагае шмат сілаў і працы. І калі разносіць улёткі ў межах перадвыбарчай кампаніі апазіцыянеры яшчэ здольныя, то рабіць гэта па-за яе межамі і на ўласныя сродкі -- наўрад ці. Тым больш, што, на яго думку, найгалоўнейшае ў байкоце – кантроль за выбарамі. А яго ў дэмакратаў няма.


Аляксандр Фядута: “Байкот – гэта найперш кантроль. А апазіцыя не займалася кантролем ужо добрых 10 год. І як яны будуць байкатаваць і потым даводзіць, што людзі не прыйшлі на галасаванне?”


Кажа, перш неабходна дабіцца празрыстасці галасавання. А гэта наўрад ці магчыма ў бліжэйшы час.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі