БАТЭ: Мяняць чэмпіянат Беларусі на першынства ў суседніх краінах не будзем

Барысаўскаму футбольнаму клубу БАТЭ засталося набраць 7 ачкоў у шасці апошніх гульнях чэмпіянату Беларусі, каб у трэці раз запар заваяваць званне лепшага клуба краіны. Для гэтага камандзе дастаткова выйграць два матчы і адзін згуляць унічыю. Калі так здарыцца, то барысаўскі клуб у пяты раз за гісторыю свайго ўдзелу ў першынстве краіны завалодае тытулам чэмпіёна.
Ці не збіраецца клуб пасля гэтага чэмпіянату пераехаць у першынство суседніх краін — Украіны, Польшчы ці Расіі? З гэтым пытаннем Еўрарадыё звярнулася да прэс-сакратара клуба Дзяніса Сарокіна. Ён рашуча абверг такую магчымасць.

Сарокін:А вы можаце назваць хаця б адзін такі прэцэдэнт у еўрапейскім футболе? За выключэннем Сан-Марына ці Андоры... Гэта нерэальна! Пачынаючы з геаграфічных меркаванняў і заканчваючы проста нацыянальнымі. Гэта бессэнсоўна!”

Дзяніс Сарокін адзначыў, што па сваіх фінансавых магчымасцях БАТЭ не зможа ісці на роўных ні з расійскімі, ні з украінскімі клубамі. Ёсць і іншыя прычыны для такога няўдзелу:

Сарокін: “БАТЭ — чэмпіён Беларусі, удзельнічае ў Лізе чэмпіёнаў. Едзе ў Расію ці Ўкраіну — і становіцца там моцным серадняком, нідзе не гуляе. Навошта нам гэта трэба? Вы ж не думаеце, што ўся краіна Беларусь будзе працаваць на адзін клуб БАТЭ, каб ён мог нармальна спаборнічаць з клубамі з Расіі і Ўкраіны?!”

Дарэчы ў гісторыі суседніх краін былі выпадкі, калі ўся каманда пераязджала ў іншы чэмпіянат. На пачатку 1990-х у Польшчу перабралася львоўская каманда.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі