Баранавіцкія дактары пра колькасць хворых: гэта не тое, што трэба ведаць людзям

Баранавіцкія дактары пра колькасць хворых: гэта не тое, што трэба ведаць людзям

"Статыстыка — гэта не тое, што трэба людзям ведаць", — адказала выданню Intex-press намесніца галоўнага лакара занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Вольга Аніскевіч. Журналісты спрабавалі даведацца колькасць людзей, якія захварэлі на каранавірус у Баранавічах. 

Раней, як распавядала Еўрарадыё, рэгіянальныя сайты цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі паведамлялі колькасць хворых на каранавірус. І гэтыя лічбы не супадалі са звесткамі на афіцыйным сайце з агульнай статыстыкай. 

Пасля таго, як гэта стала шырока вядома, з афіцыйнага сайта знікла інфармацыя пра колькасць хворых у кожнай з абласцей. Перастала яна абнаўляцца і на рэгіянальных сайтах. А 13 красавіка з сайтаў Баранавіцкага занальнага ЦГіЭ і Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя нават знікла статыстыка пра каранавірус, апублікаваная на мінулым тыдні. 

У каментары журналістам Intex-press, якія паспрабавалі высветліць сітуацыю Вольга Аніскевіч заявіла: усе ведаюць, што людзі, хворыя на каранавірус, у горадзе ёсць. А як змяняецца іх колькасць — не так цікава.

"Статыстыка — гэта не тое, што трэба людзям ведаць. Ім трэба разумець, калі будзе заціхаць працэс, што для гэтага трэба рабіць, каго сёння могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці", — лічыць медыцынская чыноўніца.

Яна дадала, што мае зводкі пра колькасць хворых, але ў іх распаўсюдзе бачыць толькі шкоду.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі