Вы тут

Бацька Ціманоўскай абверг інфармацыю, што сям'і пагражалі

Крысціна Ціманоўская / Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі

Бацька спартсменкі Крысціны Ціманоўскай чакаў, што Алімпіяда ў Токіа скончыцца для яго дачкі інакш. Але да сітуацыі ставіцца спакойна: што атрымалася — тое атрымалася. Пра тое, што здарылася, бацькі даведаліся з інтэрнэту.

"Дачцэ трэба было нарадзіцца хлопчыкам. Яна ні ў садку, ні ў школе сябе ў крыўду не давала, не любіла ўбаку быць. Калі кагосьці пакрыўдзяць, магла заступіцца. Яна баявая дзяўчынка", — кажа бацька Крысціны Сяргей і прызнаецца, што ні разу не бачыў, каб дачка плакала.

Сям'я жыве ў невялікім беларускім горадзе, дзе за Крысціну многія перажываюць.

"Лепш бы гэтая Алімпіяда прайшла спакойна і Крысціна проста вярнулася дадому. Але што здарылася — тое здарылася. Ад дачкі я не адмаўляюся і адмаўляцца не буду, што ёсць — тое ёсць. Яна ўжо дарослае дзіця", — кажа бацька Крысціны.

Гаворачы пра ўласны стан, Сяргей сказаў карэспандэнту Еўрарадыё, што з сям'ёй усё ў парадку, "пытанняў няма".

Раней дэпутат Еўрапарламента Антоніа Лопэс-Істурыс Уайт у сваім твітар-акаўнце пісаў, што "рэжым Лукашэнкі цісне на беларускую лёгкаатлетку Крысціну Ціманоўскую, пагражаючы яе бацькам".

Бацька Ціманоўскай гэта абверг: паводле яго слоў, прадстаўнікі ўлады з сям'ёй не звязваліся.

Крысціна Ціманоўская ў сацсетках раскрытыкавала дзеянні спартыўных чыноўнікаў, якія на Алімпіядзе ў Токіа без яе ведама паставілі яе на іншы від спаборніцтваў. 1 жніўня НАК Беларусі паведаміў пра адпраўку лёгкаатлеткі на радзіму, растлумачыўшы ўсё яе эмацыйна-псіхалагічным станам.

У такійскім аэрапорце Ціманоўская звярнулася да паліцыі і запісала зварот у МАК, заявіўшы, што яе вывозяць сілай і без яе згоды. Дзяўчына паведаміла, што лекары зборнай не абследавалі яе. Японская паліцыя ўзяла дзяўчыну пад ахову. Спартсменка заявіла, што баіцца вяртацца ў Беларусь.

2 жніўня лёгкаатлетка атрымала гуманітарную візу ў Польшчу. Да адлёту яна знаходзіцца на тэрыторыі польскай амбасады ў Токіа. У сеціве быў апублікаваны запіс размовы з беларускімі спартовымі чыноўнікамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.