Аварыйныя планы БелАЭС адпрацуюць на практыцы ў кастрычніку

Аварыйныя планы БелАЭС адпрацуюць на практыцы ў кастрычніку

Практычная адпрацоўка аварыйных планаў БелАЭС у Астраўцы запланаваная на кастрычнік 2019 года, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Дзяржатамнагляд. Летась у кастрычніку праходзіла комплекснае вучэнне па адпрацоўцы ўнутранага аварыйнага плана. Цяпер мяркуюць адпрацаваць знешні і ўнутраныя планы на выпадак інцыдэнтаў на БелАЭС.

Знешні план (абарончыя мерапрыемствы пры радыяцыйнай аварыі на АЭС) зацверджаны ў сакавіку 2018 года, унутраны план (мерапрыемствы па абароне персаналу) — у траўні 2018 года. На завяршальным этапе распрацоўкі знешняга плана праект падавалі на вывучэнне экспертам МАГАТЭ, якія далі яму станоўчую ацэнку.

Цяпер прыярытэтнымі задачамі называюць завяршэнне працэсу ліцэнзавання эксплуатацыі энергаблока №1, завоз ядзернага паліва на пляцоўку АЭС, развіццё метадалогіі і практыкі нагляднай дзейнасці.

Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца паводле расійскага праекта каля Астраўца ў Гродзенскай вобласці. Плануецца, што першы энергаблок запусцяць напрыканцы 2019 года, другі — у 2020-м годзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі