Аўтар “Чалавека без твару” пракаментаваў знішчэнне свайго мурала ў Мінску

Аўтар “Чалавека без твару” пракаментаваў знішчэнне свайго мурала ў Мінску

Грэчаскі мастак INO пракаментаваў знішчэнне свайго мурала “Чалавек без твару” ў цэнтры Мінска.

"Гэта цікавы прыклад рэакцыі грамадства на эмацыйную форму публічнага мастацтва, у гэтым выпадку — на велізарны мурал з ідэяй", — напісаў INO ў блогу пра вулічнае мастацтва "Brooklyn street art".

Мінскія ўлады вырашылі замаляваць арт-аб’ект, які сваёй дэпрэсіўнасцю раздражняў жыхароў навакольных дамоў. “Чалавек без твару” таксама быў вядомы як “Анёл Смерці”. Мурал уяўляў з сябе выяву чалавека ў капюшоне, замест твару ў якога была запаленая свечка.

На думку мастака INO, наўрад ці сапраўднай прычынай знішчэння мурала з’яўляецца ўстаноўка новай цеплаізаляцыі, пра якую казалі чыноўнікі. З іншага боку, мастак лічыць, што калі б у выпадку яго твора мела месца цэнзура, “Чалавека без твару” зафарбавалі б нашмат раней і па афіцыйным рашэнні. А гарадскія ўлады амаль тры гады пазбягалі якіх-небудзь дзеянняў у дачыненні да спрэчнага роспісу.

Як стала вядома Еўрарадыё, знакаміты мурал быў знішчаны з-за скаргаў мясцовых жыхароў, якія пужаліся, гледзячы на яго. Скаргі паступалі чыноўнікам рэгулярна.

Мурал "Чалавек без твару", намаляваны зоркай грэчаскага стрыт-арту INO, з'явіўся ў Мінску ў кастрычніку 2015 года. Выява ўвайшла ў Топ-10 найлепшых графіці свету ў рэйтынгу спецыялізаванага сайта Streetartnews.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі