Вы тут

Аўтар артыкула пра згвалтаваную беларуску абверг версію "Людажэра"

АМАП на акцыі пратэсту / Еўрарадыё

"Групоўка" інтэрнэт-троляў "Людажэр" заявіла пра датычнасць да з'яўлення на шведскім партале ETC публікацыі пра беларуску, згвалтаваную сілавікамі пасля затрымання на пратэстах у жніўні. Маўляў, гісторыя была прыдуманая на каленцы, таварыш "людажэраў", які жыве ў Швецыі, раскідаў яе па СМІ, і адзін партал клюнуў, нічога не правяраючы.

Чаму гэта важна
 

Тое, што расказвае Хрысціна (імя выдуманае), — гэта гісторыя беспрэцэдэнтнага гвалту з боку беларускіх сілавікоў. Калі гэта гісторыя акажацца фэйкам, гэта можа кінуць цень на іншыя звесткі пра іх неапраўданую жорсткасць. На гэта пастаянна намякаюць праўладныя СМІ і тэлеграм-каналы.

Аўтар артыкула: тут няма чаго каментаваць
 

Галоўны рэдактар ETC Андрэас Густаўсан, прозвішча якога стаіць пад артыкулам, кажа, што ўсё было зусім не так:

— Я сапраўды не ведаю, што каментаваць, таму што гэта занадта дзіўна.

"Людажэр" сцвярджае, што пасля выхаду артыкула яго аўтар аказаўся пад пільнай увагай "шведскага МЗС і іншых ведамстваў" і цяпер нібыта хаваецца ў Нарвегіі. Густаўсан абвяргае гэта:

— Заўтра я бяру інтэрв'ю ў міністра замежных спраў Ан Ліндэ пра сітуацыю ў Беларусі.

Па словах Густаўсана, выкладзеная "Людажэрам" версія пра з'яўленне інтэрв'ю "нават аддалена не блізкая да праўды".
 

Што сцвярджае “Людажэр”?
 

Праўладныя тролі, якія пару разоў па дробязі падманулі беларускія СМІ, сцвярджаюць, што яны прыдумалі гісторыю пра згвалтаванне і адправілі беларусу, які жыве ў Швецыі. Той паспрабаваў "прыстроіць" яе ў мясцовыя выданні.

— Медыцынскага эпікрызу Хрысціны ў прыродзе не існуе, адпаведна, яго ніхто нікому не паказваў. Інтэрв'ю па "Скайпе", якое нібыта правяла згвалтаваная дзяўчына, — таксама чыстай вады прыдумка. Як і дзірка, якая зеўрала ў яе роце, і скаргі на нетрыманне кала, — піша "Людажэр".

Аднак Густаўсан заяўляў Еўрарадыё пра тое, што ў яго ёсць копіі медыцынскіх дакументаў, а таксама што ён меў зносіны з пацярпелай дзяўчынай у анлайне.

У прымацаваных файлах "Людажэр" прыводзіць перапіску з нейкім Паўлам Маджара, з якой вынікае, што гісторыю нібыта прыдумалі і разаслалі па буйных шведскіх СМІ ўсяго за сем (!) хвілін. У такія хуткасці верыцца слаба — нават ольгінскія тролі не справіліся б.

Паказанні "людажэраў" разыходзяцца

Аўтар газеты Адміністрацыі прэзідэнта "Беларусь сегодня" Юрый Церах, які мае дачыненне да "Людажэра", 6 снежня агучваў іншую версію падзей:

— Знаёмы, які пастаянна пражывае ў іншай краіне ЕС, — этнічны афрыканец, які часта бывае ў Швецыі, расказ пераклаў і па недамысленасці адправіў яго ад сябе ў самае жоўтае выданне краіны.​

Гэта не сыходзіцца з версіяй пра беларуса-эмігранта. Ды і назваць ETC жоўтым выданнем нельга: гэта газета старая і леванакіраваная, у скандалах не заўважаная.

Далей Церах сцвярджае, што Густаўсан перазваніў афраамерыканцу, а той прадставіўся гінеколагам. Аднак на мінулым тыдні шведскі журналіст казаў Еўрарадыё, што мэтанакіравана сам выходзіў на лекара.

Намякае Церах і на тое, што ў Нарвегію з'ехаў... Не, не аўтар артыкула, як сцвярджаецца ад імя "Людажэра" і публікуюць адыёзныя "Жёлтые СЛИВЫ", а той самы афраамерыканец.

Супярэчнасці ў версіі троляў выклікаюць сумневы. Зрэшты, Густаўсан пакуль не перадаў Еўрарадыё ні копій дакументаў, ні кантактаў пацярпелай дзяўчыны, хоць мы прасілі яго пра гэта. Аднак артыкул па-ранейшаму даступны на сайце ETC. Калі б у спецслужбаў або МЗС Швецыі сапраўды былі прэтэнзіі да яго, ён быў бы абвергнуты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.