Арына Сабаленка не прайшла ў другі раўнд Australian Open

Арына Сабаленка не прайшла ў другі раўнд Australian Open

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка прайграла аўстралійцы Эшлі Барці і не выйшла ў другі раўнд Australian Open, інфармуе БЕЛТА.

Беларуска (66-я пазіцыя ў рэйтынгу WTA) спярша прайграла 17-й ракетцы свету тры геймы запар. Пасля гэтага Сабаленка не толькі дагнала, але і перамагла саперніцу на тай-брэйку — 7:6 (7:2). У другой партыі Барці ўзяла рэванш — 6:4. І з такім самым лікам (6:4) аўстралійка выйграла вырашальны сэт.

17 студзеня ў спаборніцтвах жаночых пар Сабаленка выступіць у пары з расіянкай Веранікай Кудзярметавай. Яны згуляюць супраць румынска-бразільскага дуэта Сарана Кырсця / Беатрыс Хадад Мая.

Яшчэ адна наша суайчынніца Аляксандра Сасновіч (№56 WTA) перамагла амерыканскую тэнісістку Крысціну Макхейл (73) — 6:3, 6:2. Далей яе чакае сустрэча з харваткай Мір'янай Лучыч-Бароні (30).

Заўтра таксама два беларускія тэнісісты пачнуць выступаць у спаборніцтвах мужчынскага парнага разраду. Максім Мірны разам з аўстрыйцам Філіпам Освальдам у першым крузе згуляюць з італьянска-ізраільскім дуэтам Томас Фабіяна / Дудзі Села. А Андрэй Васілеўскі ў пары з чылійцам Хансам Падліпнікам-Касцільё выйдзе супраць аргенцінскага дуэта Гвіда Пелья / Дыега Шварцман.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі