Аршанец у Мінску за адну ноч абакраў чатыры аўто

Па гарачых слядах супрацоўнікі крымінальнага вышуку Ленінскага РУУС сталіцы затрымалі 41-гадовага аршанца. Мужчына за адну ноч змудрыўся абакрасці салоны чатырох аўтамабіляў у Мінску, паведамляе прэс-служба сталічнай міліцыі.

Мужчына разбіваў бакавыя шыбы і краў відэарэгістратары і навігатары. Аператыўнікі затрымалі яго пры збыце скрадзенага на адным са сталічных рынкаў. 

Выявілася, што ён вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі толькі ў сакавіку гэтага года. Прычым папярэдняе пакаранне мужчына адбываў за аналагічнае злачынства. У Мінск аршанец прыехаў да сваякоў.

Цяпер на яго пачалі крымінальную справу за крадзеж. Яму пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.