Арнітолаг: Акурат зараз мы можам зрабіць і развесіць домікі для птушак

Еўрарадыё: Варону ці голуба чуў кожны. А вось сімвал Беларусі – бусел – якія гукі выдае?

 

Руслан Шайкін: У Беларусі жывуць два віды буслоў. Белы бусел селіцца побач з людзьмі, ён, насамрэч, голасу і не мае, ён выдае характэрныя гукі – шчоўканне дзюбай. А чорны бусел селіцца ў глухіх лясах, далёка ад людзей, вельмі добра хавае сваё гняздо, вось у яго ёсць кароткія гукавыя сігналы. Але іх складана ўзнавіць.

Еўрарадыё: Якія птушкі ўжо прыляцелі?

 

Руслан Шайкін: Першыя птушкі, якія ляцяць праз нашу краіну, і некаторыя з іх застаюцца тут – гэта гусі. Гусей можна назіраць усю вясну, і акурат зараз яны пралятаюць над Беларуссю. Прыляцелі кнігаўкі. Гэта птушка вельмі адрозніваецца знешнім выглядам, яна мае характэрны высокі чубок і многім добра вядомая. Прыляцелі вестуны вясны – шпакі, пачынаюць спяваць палявыя жаўранкі. У некаторых месцах у вельмі сонечныя дні ўжо можна пачуць першыя спевы чорнага дразда, заранак,  чырвонашыйкі. Птушкі, якія зімавалі ў Беларусі, напрыклад, сініцы, зелянушкі, чыжы, снегіры, - таксама пачынаюць спяваць вельмі актыўна.

Еўрарадыё: Пералётныя птушкі пралятаюць праз Беларусь ці застаюцца тут на лета?

 

Руслан Шайкін: Некаторыя пралятаюць праз нашу краіну, гэта большасць гусей, на гнездаванне ў Беларусі застаецца толькі шэрая гусь. А кнігаўкі, шпакі, жаўранкі застаюцца на тэрыторыі нашай краіны. Зразумела, частка папуляцыі ляціць далей на поўнач, а частка ўе гнёзды і выводзіць патомства тут.

Еўрарадыё: Наколькі цяжка птушкам адаптавацца пасля пералёту?

 

Руслан Шайкін: Птушкі вяртаюцца на свае месцы гнездавання. Светлавы дзень зараз робіцца даўжэйшым, птушкам лягчэй знайсці корм. Гэта час, калі птушкі пачуваюцца ўжо адносна добра. Да таго ж гэта пачатак часу размнажэння, на які птушкі рэагуюць бурнымі паводзінамі. Літаральна днямі мы назіралі цікавую з’яву, якую хочацца назваць вяселлем соек. Сойкі адносна спакойна і ціха паводзяцца ўлетку, а зараз лётаюць, выдаюць разнастайныя гукі, пры гэтым яны лётаюць не парамі, а па тры-чатыры. Такім чынам, яны дзеляцца на пары, каб потым віць гнёзды і выводзіць птушанят. Некаторыя віды птушак, напрыклад, жаўтагаловы каралёк – самая маленькая птушка Беларусі і Еўропы – у гэты перыяд спускаюцца ў ніжні ярус лесу. Звычайна ўбачыць гэтую птушку вельмі складана, яна жыве ў вершалінах высокіх соснаў, а ранняй вясной спускаецца ўніз, бо ўнізе на адталай зямлі можна знайсці ўжо аджыўшых пад веснавым сонцам кузурак. Менавіта зараз аматары прыроды могуць скіравацца ў хвойны лес, каб паназіраць за каралькамі, бо пазней яны вярнуцца ў верхні ярус лесу і будзе складана іх убачыць.

Еўрарадыё: Ці патрэбная птушкам зараз дапамога чалавека?

 

Руслан Шайкін: Птушкі, якім патрэбная дапамога – гэта дуплагнёзнікі, птушкі, што селяцца ў дуплах дрэваў. Дуплаў становіцца ўсё менш і некаторыя з птушак застаюцца без жытла. Акурат зараз мы можам зрабіць і развесіць домікі для птушак. Гэта і пеўчыя птушкі – сініцы, мухалоўкі, гарыхвосткі – для іх робяцца маленькія домікі, сінічнікі. Можна зрабіць дамкі для шпакоў. Сёння гэты накірунак вельмі актыўна развіваецца ў нашай краіне, Зараз робяцца дамкі нават для дзённых драпежных птушак, для соваў ды іншых відаў, якіх мы хацелі б прыцягнуць бліжэй да людзей, каб можна было пасля назіраць за імі.

Еўрарадыё: А якія птушкі прылятаюць у Беларусь апошнімі?

 

Руслан Шайкін: Апошнімі ў траўні прылятаюць чорныя стрыжы. Стрыж – адна з самых хуткіх птушак у свеце. Стрыж – гэта птушка-ветравей, усе яе жыццёвыя працэсы адбываюцца ў паветры. Для нармальнага жыцця ёй патрэбна вельмі шмат насякомых, якія з’яўляюцца, калі ўжо зямля прагрэецца і на дрэвах з’явіцца лісце. Позна прылятаюць таксама залацістыя шчуркі, івалгі. Івалга – сваяк трапічных відаў, гэта адзіны прадстаўнік роду ў Беларусі. Яна любіць цяпло і вяртаецца на месцы гнездавання позна.

Фота з сайта http://nosinmisprismaticos.blogspot.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі