Вы тут

Армянскі парламент не выбраў Пашыняна прэм'ер-міністрам

Нікол Пашынян. Фота: Reuters

Парламент Арменіі не падтрымаў кандыдатуру Нікола Пашыняна на пасаду прэм'ер-міністра краіны. Галасаванне адбывалася 1 траўня. 

Паводле інфармацыі СМІ, на пасяджэнні прысутнічалі 102 дэпутаты з 105. Каб перамагчы, Пашыняну было неабходна атрымаць не менш за 53 галасы — больш за палову прысутных. Аднак падтрымалі яго толькі 45 дэпутатаў, супраць выступілі 55.

Дэпутаты кіруючай Рэспубліканскай партыі Арменіі (якія маюць у парламенце большасць) заявілі, што будуць галасаваць супраць Пашыняна.

Паводле Канстытуцыі Арменіі, калі парламент з першай спробы не выбірае прэм'ера, то на сёмы дзень ладзіцца новае галасаванне з новымі кандыдатамі. Калі прэм'ер-міністра не ўдаецца выбраць і з другога разу, парламент распускаецца. Да перавыбараў дэпутатаў выконваць абавязкі прэм'ера ў гэтым выпадку застанецца Карэн Карапецян.

Пасля правалу ў парламенце Нікол Пашынян заклікаў сваіх прыхільнікаў блакаваць дарогі і будынкі дзяржструктураў.