Архітэктара Вадзіма Дзмітронка асудзілі на тры гады “хіміі”

Архітэктара Вадзіма Дзмітронка асудзілі на тры гады “хіміі”

17 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска вынеслі прысуд архітэктару Вадзіму Дзмітронку. Яго вінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".

Дзмітронка затрымалі на "Плошчы Перамен" і моцна збілі пры затрыманні. У яго заплечніку знайшліся прылады для страйкбола.

На судзе 15 сакавіка сведка з ГУБАЗіКа са змененым імем Іван Іваноў сказаў, што падсудны выкрыкваў розныя лозунгі, абразлівыя выразы ў бок супрацоўнікаў, “заводзіў” натоўп. А калі людзі пайшлі за ім, ён сыйшоў у бок і знік, міліцыянты пачалі ўжываць святлошумавыя гранаты.

У момант затрымання Дзмітронак нібыта аказваў супраціў міліцыянтам, хапаўся за абмундзіраванне, справабаў вырвацца і наносіць удары ў раён жывата. Затрыманне, па словах сведкі, праводзілі каля 10 супрацоўнікаў. Таксама ён заявіў, што не бачыў, каб Дзмітронка збівалі.

Абаронца ўказала на шэраг супярэчанняў у паказаннях сведкі на суда і на папярэднім следстве. Таксама на працэсе прагледзелі відэазапісы затрымання, выкладзеныя ў інтэрнэце і прадастаўленыя жонка падсуднага. Іх далучылі да матэрыялаў справы. Паступілі ў суд і медыцынскія дакументы з указаннем цялесных пашкоджанняў, якія атрымаў Дзмітронак пры затрыманні. Следчы камітэт адмовіўся пачынаць крымінальную справу на міліцыянтаў, якія збівалі затрыманага архітэктара.

Яшчэ адным сведкам на судзе выступіў сябра падсуднага Міхаіл Цвірко. Ён расказаў, што ведае Дзмітронка каля 10 гадоў, яны разам уваходзяць у рэспубліканскае грамадскае спартыўнае аб’яднанне “Страйкбол”. 

Пракурор папрасіў суд прызначыць Дзмітронку тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія"). 

У апошнім слове Вадзім Дзмітронак сказаў, што не зрабіў нічога супрацьзаконнага, каб адчуваць згрызоты сумлення і віну. Ён падкрэсліў, што 15 лістапада людзі сабраліся на “Плошчы Перамен” стыхійна, каб ушанаваць памяць загінулага Рамана Бандарэнкі. Свой удзел у гэтай акцыі Дзмітронак назваў “сваім грамадзянскім абавязкам”. Ён не бачыць нічога дрэннага ў тым, што людзі хацелі выказаць сваю пазіцыю і павагу загінуламу. 

Суддзя Таццяна Акавітая палічыла віну Вадзіма Дзмітронка даказанай і прызначыла яму 3 гады “хіміі”, як хацеў пракурор. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі