Арганізатары фэсту "JAZZCPEDA" не баяцца канкурэнцыі і робяць стаўку на аншлаг

Як паведамлялася раней, месцам правядзення фэсту абралі сталічны клуб "Мулен руж", бо звыклы да джаза "Графіці" не здолее змясціць усіх наведвальнікаў. "Нам проста захацелася вывесці тую атмасферу, якая ёсць у "Графіці" ў межах нашай джаз-серады на больш вялікую пляцоўку, каб усе жадаючыя змаглі пабачыць не адзін-два гурты, якія выступаюць па серадах у нашым клубе, а значна больш" — тлумачыць адзін з арганізатараў фэсту Ян Бусел.

Ян Бусел і Нік Маторын

Нік Маторын:
"То бок фестывапь "JAZZCPEDA" — гэта тая самая джаз-серада, якая адбываецца штотыдзень у "Графіці". І не варта разглядаць гэта як заяўку на "Фестываль № 1 па джазе" у Беларусі. Не! Мы такіх замоваў не рабілі і не збіраемся рабіць. Проста хочацца зладзіць добры джазавы фестываль на вялікай пляцоўцы і з беларускімі артыстамі".


Фестываль  "JAZZCPEDA"  мусіць доўжыцца 6 гадзінаў. Але сапраўдным аматарам джазу не будзе калі сумаваць, абяцаюць арганізатары — калектывы зусім розныя!

Ян Бусел:
"Канешне, 6 гадзінаў джазу цяжка высядзець у тым фармаце, ад якога мы спрабуем сысці — гэта фармат Дома культуры альбо любой іншай сідзячай залі. У нас жа ўсё будзе па-іншаму: стаміўся сядзець — падыйдзі да бара! Альбо можна будзе перакінуцца слаўцом з музыкамі, якія будуць знаходзіцца ў гэтай жа залі. Мы падбіралі, і складалі лайн-ап такім чынам, каб музыка была таксама рознай".

Так у першым джазавым фестывалі "JAZZCPEDA" возьмуць удзел вядомыя і яскравыя джаз-выканаўцы: Apple Tea, аркестр Аляксандра Ліпніцкага Symphonic Drive Orchestra, Chiefs Band і Real Jazz Band. Агулам, на фестывальную сцэну выйдзе больш за 50 музыкаў.

Ян Бусел: "Real Jazz Band, напрыклад,  будзе іграць цалкам аўтарскую праграму ў адрозенні  ад праграмы, якую яны прадстаўляюць на джаз-серадзе у "Графіці", калі музыканты змешваюць аўтарскія п’есы з джазавымі стандратамі. Chiefs Band, як вы ўсе ведаеце, бліжэй да фанк-джаза. Ну, і, канешне, Symphonic Drive Orchestra увогуле не прадказальныя і што атрымаецца пасля іх сэту, асабліва падчас джэм-сэйшну, прадказаць не магчыма".
 
Замежных гасцей да удзелу ў фэсце "JAZZCPEDA"   пакуль вырашылі не запрашаць.

Ян Бусел: "На дадзеным этапе можам сказаць адкрыта, што не асмелілісь запрашаць кагосьці з-за мяжы. Хапае і сваіх музыкантаў у Беларусі. Ды і нашай асноўнай мэтай было сабраць усіх беларускіх джазмэнаў у адным месцы".
 
Хэдлайнерам 1-га фэсту "JAZZCPEDA"   аб’яўлены Symphonic Drive Orchestra. Такі статус — вялікі гонар для каманды, адзначае кіраўнік аркестра  Аляксандр Ліпніцкі.

Аляксандр Ліпніцкі

А.Ліпніцкі: "Я вельмі рады зноўку прыняць удзел у адным з праектаў "Графіці". Адмыслова для гэтага фестывалю аркестрам будзе падрыхтавана гадзінная сур’ёзная праграма з элементамі шоў. Гэта будзе добры джаз і папулярная музыка, натуральна — жывы гук і полны бэнд. Да таго ж у аркестра ёсць вакальны блок і мы рыхтуем праграму, прысвечаную каралю поп-музыцы — Майклу Джэксану. Асабіста для мяне гэта вялікі гонар далучыцца да геніальнай творчасці спевака".
 
Паўдзельнічаць у традыцыйным для джазавых канцэртаў джэме напрыканцы фестывалю змогуць не ўсе прысутныя ў залі музыканты, як гэта звычайна здараецца, а толькі заяўленыя ўдзельнікі фэсту:

Ян Бусел: "На джэм будуць запрошаныя спецыяльныя госці: магчыма тыя, каго запросіць Аляксандр Ліпніцкі, таму што джэм будзе праходзіць разам з Symphonic Drive Orchestra. Колькасць удзельнікаў джэму будзе вызначанай, але не агучанай — гэта сюрпрыз для ўдзельнікаў фэсту".

Варта адзначыць, што квіткі ўжо паступілі ў продаж і, паводле словаў арганізатараў, даволі актыўна раскупаюцца.

Нік Маторын: "Мы чакаем, што будзе аншлаг, бо назіраем вялікую  цікаўнасць да гэтага мерапрыемства усіх беларускіх каналаў. Шмат замоваў на квіткі паступае да нас з рэгіёназ Беларусі. То бок ужо зараз продаж квіткоў дазваляе сказаць, што будзе аншлаг".

Акрамя названых выканаўцаў у фестывалі паўдзельнічаюць  і адмысловыя госці, імёны якіх арганізатары пакуль трымаюць у сакрэце.
Плануецца, што фестываль "JAZZCPEDA" наведаюць каля 600 чалавек.

Фота: Thorwin
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі