Андрэю Бандарэнку адмовілі ў амністыі з-за пылу ў камеры

Былы кіраўнік праваабарончай установы "Платформа інавэйшн" Андрэй Бандарэнка не трапіў пад сёлетнюю амністыю. Як паведамляе Радыё "Свабода", ён лічыцца злосным парушальнікам турэмнага рэжыму.

Вязень спрабаваў абскардзіць парушэнні, праз якія яго залічылі ў злосныя парушальнікі, але гэта яму не ўдалося. Пра гэта Бандарэнка паведаміў бацьку падчас тэлефанавання 29 ліпеня.

Па словах Бандарэнкі, усе парушэнні ў яго знайшлі напярэдадні прыняцця закона аб амністыі. Двойчы ахоўнікі нібыта знаходзілі ў яго камеры пыл і накладалі за гэта спагнанні. Трэцяе спагнанне наклалі за тое, што ўвесь атрад спазніўся вярнуцца ў прызначаны час з царквы. Па словах бацькі, за гэтае спазненне з усяго атрада пакаралі толькі Андрэя Бандарэнку.

Нагадаем, што праваабаронцу летась асудзілі на тры гады за злоснае хуліганства. У судзе Бандарэнка прызнаў віну часткова і выказаў меркаванне, што абвінавачанне было "арганізавана спецслужбамі". Праваабаронцы з "Вясны" і Беларускага Хельсінкскага камітэта не лічаць Бандарэнку палітвязнем.

Фота: svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі