Амерыканцы з гурта Gifted Children навучылі беларусаў прадаваць сваю музыку

На днях прайшоў чарговы фэст “Амбасовішча”, дзе акрамя удзельнікаў конкурсу выступалі запрошаныя з ЗША музыкі – гурт Gifted Children, які за 14 год свайго існавання запісалі больш за тысячу песень.

Як яны прасоўваюць сваю музыку на рынак, які сегмент рынку больш прадуктыўны для продажу незалежнай музыкі і якое ўражанне пакінула ў іх беларуская музыка – вось тыя асноўныя пытанні, якія абмяркоўваліся падчас сустрэчы Gifted Children і іх беларускіх калег.



Еўрарадыё: Вось, вы праслухалі некалькі беларускіх гуртоў падчас “Амбасовішча”. Ці здзівіў вас нехта?


Gifted Children: Так! Нас вельмі крануў выступ гурта Дзеці Дзяцей. Таксама выключнае ўражанне ў нас засталося ад гурта Разбітае Сэрца Пацана, дзяўчаты там проста супер! І апошні гурт.... Хуткі Смоўж. Унія таксама цікавы гурт!

Еўрарадыё: Такую музыку магчыма прадаць за мяжу?

Gifted Children:
Магчыма, калі гэты продаж накіраваны на адмысловую аўдыторыю. Напрыклад, беларускія эмігранты ці вузкае кола прыхільнікаў этнічнай музыкі. Калі жадаеце прадавацца ў штатах, выбірайце англійскую мову.

Еўрарадыё: Нават калі мова дрэнная?


Gifted Children: Нават калі дрэнная. Гэта не істотна. Акцэнт, вымаўленне і ўсё такое. Важна, каб слухачы разумелі ваш мэсэдж. Гісторыя музыкі ведае шмат прыкладаў, калі іншамоўныя гурты з сапраўды дрэннай англійскай мовай добра прасунулі сябе на амерыканскі рынак.


Еўрарадыё: Ну добра, англійская мова – гэта зразумела. А што наконт майстэрства. Ці абавязкова мець музычную адукацыю, каб ствараць добрую і добра прадаваемую музыку?

Gifted Children:
Не-не! Што вы! Бачыш, усе мы неадукаваныя, калі не лічыць некалькі прыватных урокаў. Калі мы ствараем песні, то самае апошняе, да чаго мы звяртаемся – гэта тэорыя музыкі.

Адукацыя патрэбная, калі ты мусіш прадаць сябе на MTV, напрыклад, ці нейкаму вядомаму лэйблу.

А для творчасці хопіць базавых ведаў, каб вам самім было зручна камунікаваць з іншымі музыкамі. Тыпу : “Граем у рэ мажоры!”, – і усе ведаюць, што такое рэ мажор.




Еўрарадыё: вернемся да шляхоў продажу ўласнага музычнага прадукту. Вы граеце 14 год. Якія “каналы” параіце?

Gifted Children: Па-першае, трэба ўсведамляць, што, як і у любым бізнэсе, спачатку неабходна укладаць грошы ў музыку, пачатковы капітал, які пазней вернецца з прыбыткам. Напрыклад, наша сяброўка Ані Дыфранка першая некалькі год сама ўкладала ў сябе грошы. Яна патраціла на гэта 4 гады і вось цяпер яна зорка!

Па-другое, варта забыцца на ляноту і вывучаць рынак. Трэба штодзень памятаць пра бізнэс. Таму, калі вы вельмі рамантычная творчая натура, лепш найміце сабе мэнэджэра, які будзе рабіць гэта за вас. Творчасць увогуле цяжкая рэч, бо часам бывае надта складана знайсці баланс паміж творчасцю і бізнесам.

Па-трэцяе, эканомце грошы на наркаце (агульны рогат).

Сур'ёзна! Мы бачылі шмат прыкладаў таго, як гурт дэградуе з-за наркаты, блядства і ўсё такое. Гэта цікава, калі трэба пашырыць свой досвед, але ж наркатычныя туры руйнуюць творчасць і ствараюць ўяўленне, нібыта есць развіццё і рост, але гэта лайно. Звярніце на гэта ўвагу, калі ласка.




Еўрарадыё: Ясна. Прапаную цяпер звярнуць увагу выключна на бізнес. Уявім, што ў мяне англамоўны не папсовы гурт. Як мне прадаць яго за мяжу? На што ціснуць?


Gifted Children:
Цісніце на мышку, вядома. Інтэрнэт. Вось, на што трэба звярнуць увагу.

Вы ж карыстаецеся тут інтэрнэтам? My space, facebook і іншыя рэсурсы? Дарэчы, my space гэта поўны адстой! Каб зрабіць больш менш прыемны дызайн, трэба паламаць пальцы. Ды і навігацыя там абы якая. Адзінае, што трэкі ты туды заліваеш бясплатна. Ну, і сетка кантактаў вельмі шырокая.

Напрыклад, стварылі вы сваю старонку, выслалі тысячу запрашэнняў блізкім па стылі гуртам і сябруйце. Такім чынам даволі проста мяняцца інфармацыяй і самастойна рабіць сабе туры.




Еўрарадыё: Я зразумела, што вы не супраць бясплатнага скачвання вашых трэкаў?

Gifted Children:
Вядома, не! А які сэнс? Чым больш людзей цябе пачуе, тым больш купіць дыск ці квіток на канцэрт. Бясплатныя мр3 гэта бясплатная рэклама і пашырэнне аўдыторыі. Напрыклад мы на ўсіх магчымых сайтах пакідаем сваю музыку. Калі рэсурс прапаноўвае прадаваць яе – мы прадаем. Без параноі.




Еўрарадыё: Дзе, напрыклад?

Gifted Children: cdbaby.com. Плаціш нешта каля палтоса баксаў, дасылаеш ім 5 кампактаў (няважна якой якасці. Хоць дома на прынтэры раздрукуйце) і далей яны самі распаўсюджваюць вашы дыскі па ўсёй дыстрыбутыўнай інтэрнэт-сетцы. Там e-bay, amazon... каго толькі няма.

Прадалі першую пяцёрку дыскаў – дасылаеце наступную. Вельмі зручна. Раім!

На сайце мы знайшлі дыскі трох беларускіх гуртоў: Apple Tea, Spasenie, Ambassador21.

Еўрарадыё:
Так, дыск прадаецца. Куды рухацца далей?

Gifted Children: Далей рухайцеся на College Radio. У ЗША працуе вельмі сур'ёзная сетка такіх радыё. Дастаткова выступіць некалькі разоў на іх канферэнцыі і вы ўжо адчуеце поспех на ўласнай скуры. Такія канцэрты даюць незвычайна шырокую аўдыторыю. Акрамя слухачоў, вас паслухаюць непасрэдна радыйшчыкі, а гэта павялічвае ваш шанец.



Еўрарадыё: А як камунікаваць са звычайнымі радыёстанцыямі?

Gifted Children: Без сораму. Калі вы рыхтуеце тур, не саромейцеся патурбаваць рэгіянальныя радыёстанцыі. Напішыце ліст, дашліце дыскі, запытайцеся: магчыма, у іх адмысловыя праграмы, ці можна зрабіць нешта ў прамым эфіры, інтэрв’ю, канцэрт... Адказаў можа быць толькі два: “Не”, ці “Магчыма. Здаецца, вы даволі цікавыя для нашай аўдыторыі”.

Еўрарадыё: Туры, гэта цудоўна. Але як звычайны гурт зможа адбіць свае затраты на дарогу, напрыклад? Невядомаму гурту ніхто не дасць грошай, гэта зразумела.

Gifted Children: Маеце рацыю! Але грошы дасць спонсар. Падпішыце пад свой тур... ну, ня ведаю.... беларускае віно, ці цыгарэты, калі сумленне дазваляе, ці нейкую кампанію, якая жадае прадаваць свае тавары на рынку ЗША і прасіце грошы ў іх.

Ці пашукайце лінгвістычныя факультэты славістыкі пры універсітэтах. Часам яны вельмі цікавяцца культурнымі мерапрыемствамі з носьбітамі славянскіх моваў.

Яшчэ варта граць бясплатныя канцэрты. Скажам, тры платныя, а побач з імі халяўныя ў суседніх гарадах. Трэба толькі прыйсці ў школу, сказаць некалькім падлеткам пра канцэрт і будзьце ўпэўненыя – увечары вы зайграеце перад чатырмастамі школьнікамі.

Дарэчы, панк сцэна прабівае сабе шлях на рынак менавіта так. З раніцы ты ў школе, гутарыш з падлеткамі, а ў вечары яны ўжо ціснуць табе руку, фатаграфуюцца з табой, купляюць твае дыскі. Такі блізкі кантакт вельмі важная рэч!

Вось Green Day такім чынам праканцэртаваў па ўсёй каліфорніі ўздоўж і ўпоперак, пакуль не прадалі пэўную колькасць дыскаў і не падпісалі добры кантракт.



Еўрарадыё: Карацей, трэба хутка збірацца ў ЗША, так ладна ўсё па вашых расказах выходзіць.

Gifted Children:
Спрабуйце! Толькі ў Нью-Ёрку не грайце! Паскудны і (sencored) горад (прабачце за маю французскую мову). Там ня плацяць грошы, там крадуць вашы рэчы і выганяюць з клубу, як толькі вы сыгралі апошнюю ноту!


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі