Аляксей Шадзько і Ўладзімір Ткачэнка "Только бы не было холодно"

111125 Agljadacha.mp3

Папярэдні дыск Аляксея Шадзько “Тайга” выйшаў у 2007-м годзе, тады яшчэ разам з гуртом “Сестра”, які чамусьці спыніў існаванне. З таго часу Аляксей пераехаў жыць у Маскву і пачаў супрацоўнічаць з удзельнікам залатога складу “Песняроў”, гітарыстам Уладзімірам Ткачэнка. Дарэчы, яго імя зараз вынесенае на вокладку новага альбома. Дыск атрымаў назву “Только бы не было холодно”. Сам Шадзько тлумачыць такі загаловак тым, што незалежна ад падзеяў у жыцці, у чалавека не мусіць быць холадна ў душы. І ўжо першая песня альбома з’яўляецца такім стрыжнем ідэі альбома (“Мне не хватает… температуры”).

Праўда, варта прызнаць, што першая ж песня неяк засмучае гучаннем. Чакаеш таго, што гэта будзе стары Аляксей Шадзько, з яго рокавымі аранжыроўкамі… Але, відаць, з пераездам у Маскву ўсё змянілася. Песні сталі больш акустычнымі, баладнымі, павольнымі ды спакойнымі. У той жа момант яны не згубілі жыццярадаснасці ды сталі больш складанымі ў аранжыраванні. Але тут відавочны ўплыў Уладзіміра Ткачэнкі.

Песня “Мосты”, хіба не адзіная сапраўды рокавая балада на альбоме. Дарэчы, вельмі прыцягвае ўвагу расстаноўка песень. Бачна, што яны пісаліся менавіта ў момант пераезду з Мінска і знаёмства з новым жыццём у Маскве. Хоць, магчыма гэта толькі дадумванне, бо ведаеш гісторыю Шадзько. Пятая песня на дыску, пад назвай “Москва”, неяк выпадае з агульнага спісу кампазіцый. Але не ў музычным сэнсе, а ў тэкставым.

Калі ўжо загаварылі пра тэксты, то тут роўных Аляксею Шадзько няма. Ніякага пафасу, максімалізму, супрацьстаяння, заклікаў, рэвалюцый… І так было заўсёды, не проста ж так ён двойчы атрымоўваў узнагароду “Тэкст года” на першых, яшчэ сур’ёзных “Рок-каранацыях”.

Шадзько любіць філасофскія разважанні на тэмы адносінаў з людзьмі, аповеды пра чуллівага чалавека. І робіцца гэта цалкам апраўдана, па-даросламу, з адпаведнай мудрасцю. Таму можна сказаць, што лірыка альбома толькі багацее ў параўнанні з папярэднімі дыскамі. А вось у музычным сэнсе найбольш блізкай да старога матэрыялу стала песня “Среда”, якая як раз закрывае дыск “Только бы не было холода”.

Магчыма, гэты дыск падасца прыхільнікам Аляксея Шадзько далёка не лепшым, але варта яго паслухаць. Стылістычна ён вытрыманы ў звыклай для Аляксея форме, толькі што аранжыроўкі змяніліся… Але слухаецца альбом вельмі лёгка. Прычым, у ім няма ніводнай песні, якую б можна было назваць горшай ці лепшай за іншыя. Хоць гэта таксама звыклая для Шадзько сітуацыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі